Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Грэцыі ўзначаліць іншы прэм'ер


Прэм'ер-міністар Георгіяс Папандрэў, прэзыдэнт Каролас Папуліяс і лідэр апазыцыйнай партыі Антоніс Самарас ў часе перамоваў

Прэм'ер-міністар Георгіяс Папандрэў, прэзыдэнт Каролас Папуліяс і лідэр апазыцыйнай партыі Антоніс Самарас ў часе перамоваў

Прэм'ер-міністар Грэцыі Георгіяс Папандрэў і лідэр галоўнай апазыцыйнай партыі "Новая дэмакратыя" Антоніс Самарас правядуць у панядзелак перамовы адносна структуры будучага ўраду краіны.

Позна ўвечары ў нядзелю ў Атэнах прайшлі экстраныя перамовы з удзелам прэзыдэнта краіны, па выніках якіх было прынятае рашэньне сфармаваць новы кааліцыйны ўрад.

У заяве па выніках кансультацый падкрэсьлівалася, што цяперашні грэцкі прэм'ер Георгіяс Папандрэў пагадзіўся з тым, што ўзначальваць кааліцыйны ўрад будзе ня ён.

Як чакаецца, на перамовах у панядзелак бакі вызначаць, хто ўзначаліць кааліцыю.

Як толькі будзе абвешчаны новы прэм'ер, прэзыдэнт запросіць ўсе партыі прыняць удзел у фармаваньні ўраду нацыянальнага адзінства.

Раней урад нацыянальнага адзінства спрабаваў сфармаваць сам Георгіяс Папандрэў, аднак лідэр апазыцыйнай партыі "Новая дэмакратыя" Антоніс Самарас адмаўляўся ад перамоў да тых часоў, пакуль Папандрэў не падасьць у адстаўку.

Датэрміновыя парлямэнцкія выбары ў Грэцыі могуць прайсьці 19 лютага 2012 году.

Папандрэў настойваў на тым, што пазачарговыя выбары "стануць для краіны катастрофай" і могуць паўплываць на дапамогу, што выдзяляецца краіне.

Між тым без палітычнай пэўнасьці эўрапейскія партнэры Грэцыі пагражаюць спыніць фінансавую падтрымку, якая абараняе краіну ад дэфолту па 360-мільярдным дзярждоўгу.
XS
SM
MD
LG