Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ правяла шэсьце і мітынг у Лошыцы, прымеркаваныя да дня памяці продкаў «Дзяды».

Некалькі дзясяткаў актывістаў партыі і неабыякавых людзей сабраліся каля палацу культуры «Лошыцкі», а затым з плякатамі, бел-чырвона-белымі сьцягамі і кветкамі прайшлі да помнага крыжа «Ахвярам бальшавіцкага тэрору» ў Лошыцкім яры. Тут, на месцы масавага пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, адбыўся мітынг. Лідэры партыі зачыталі ліст Зянона Пазьняка, у якім старшыня КХП БНФ у прыватнасьці адзначыў, што паводле ягоных падлікаў у Лошыцы расстраляныя каля 10 тысячаў чалавек: «Каб не аглухнуць і не асьлепнуць, трэба наведваць Лошыцу і Курапаты, спытацца аб праўдзе ў нашых Дзядоў. Дзяды дапамогуць нам разарваць ланцуг злачынстваў і вынішчэньня нацыі. Так, як гэта здарылася ў 1988 годзе, калі менавіта на Дзяды палеглыя ў Курапатах узьнялі на змаганьне наш беларускі вольны дух».
​На завяршэньне мітынгу ўдзельнікі акцыі ўсклалі да крыжа «Ахвярам бальшавіцкага тэрору» кветкі, запалілі сьвечкі і традыцыйна выканалі малітоўны гімн «Магутны Божа».
Дзяды ў Лошыцы сёлета праходзілі пад асабліва пільным кантролем супрацоўнікаў спэцслужбаў. Некалькі дзесяткаў чалавек у цывільным пад кантролем міліцэйскіх чыноўнікаў фільмавалі хаду акцыі і яе ўдзельнікаў. Калі мітынг завершыўся і людзі пачалі разыходзіцца, сілавікі затрымалі актывіста руху «За Свабоду» Юрася Навіцкага, якія спрабаваў сфатаграфаваць аднаго зь іх.
​Таксама пасьля мітынгу быў затрыманы актывіст КХП БНФ Уладзімер Юхо. Калі Юхо разам зь іншымі людзьмі сышоў ад крыжа ў Лошыцкім яры і дайшоў да палаца культуры Лошыцкі, яго затрымалі людзі ў цывільным, якія адмовіліся называцца і прад'яўляць дакумэнты. Ягонае месцазнаходжаньне, як і месцазнаходжаньне Юрася Навіцкага невядомае. У РУУС Ленінскага раёну і ГУУС Менгарвыканкаму паведамляюць, што такіх затрыманых ім не дастаўлялі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG