Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урочышча Кабыляцкая гара — другое месца на Беларусі пасьля Курапатаў, дзе ў 90-я гады дзяржаўная камісія афіцыйна пацьвердзіла факты масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тут штогод на Дзяды зьбіраюцца аршанскія актывісты і сваякі загінулых.

Юры Санько
Актывіст Юры Санько: «Тут тры мае сваякі расстраляныя, траіх чалавек з нашага роду тут забілі. І бацьку маёй цешчы таксама. Спачатку казалі, што ён памер ад сэрца недзе на Поўначы, а гадоў 10 таму стала вядома, што нікуды яго не вывозілі, тут забівалі…»

У 1992 годзе на загад Аршанскага гарвыканкаму на Кабыляцкай Гары быў усталяваны помнік-камень. У той час гарадзкія ўлады таксама бралі ўдзел у жалобных імпрэзах на Дзяды, але пасьля 1995 году і добраўпарадкаваньне мэмарыялу, і памінальныя імпрэзы сталі клопатам прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці.

У мінулыя гады на жалобныя імпрэзы прыяжджаў жыхар суседняй вёскі Андрэеўшчына, найстарэйшы грамадзкі актывіст Аршаншчыны, сьведка тых трагічных падзей Аляксандар Шпакоўскі. Сёлета Аляксандар Ермалаевіч загінуў у аўтааварыі, і мясцовыя актывісты адведалі яго магілу, усклалі кветкі і запалілі сьвечкі.

Сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юры Конышка згадвае, што Аляксандар Шпакоўскі гандляваў на кірмашы малаком, распаўсюджваў газэты, улёткі: «Я памятаю, ён увесь у торбах, у катомках, усё цягне, нясе! І дагэтуль на кірмашы ў мяне пытаюцца: „Дзе наш Аляксандар Ермалаевіч? Газэт няма, улётак няма, мы праўды ня ведаем!“»

Актывісты адведалі й магілу Міхася Сідарэнкі, былога старшыні мясцовай арганізацыі БНФ, які таксама трагічна загінуў. Ён пахаваны на могілках каля вёскі Зайцава пад Воршай. На ягонай магіле згадалі іншых аршацаў, якія адышлі ў лепшы сьвет: сябраў Беларускага народнага фронту Анатоля Лапцінскага, Пятра Кожара, Уладзімера Нікутава, Ананія Маслоўскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG