Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на Госкім палігоне, дзе падводзілі вынікі камандна-штабнога вучэньня па тэрытарыяльнай абароне, зрабіў шэраг гучных заяваў.

З размовы з экспэртамі высьветлілася, што іх найбольш уразілі словы Аляксандра Лукашэнкі пра стварэньне 120-тысячнай арміі тэрытарыяльнай самаабароны. Менавіта яна, паводле кіраўніка дзяржавы, павінна будзе дапамагаць спэцслужбам і міліцыі змагацца са зьнешнімі і ўнутранымі ворагамі.

Мечыслаў Грыб
Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Мечыслаў Грыб: «Такога дзіва я яшчэ ня чуў за ўсё сваё жыцьцё. Але ж гэта ідэя вельмі небясьпечная. Я ня ведаю, чым яна можа скончыцца. Хіба што гэта толькі прапаганда, а насамрэч ніхто нікому зброі ў рукі ня дасьць? Але ж уявіце, сёньня Лукашэнка пакрыўдзіць кагосьці з губэрнатараў. А ў яго войска сваё. І заўтра той скажа: а фігу табе. нікуды я не выйду. Ды я ня ўпэўнены, што гэта навацыя наагул адпавядае Канстытуцыі Беларусі. Трэба вывучаць гэтае пытаньне».

На палігоне Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «за кожным аўтаматам, пісталетам, гранатамётам, за кожнай зброяй павінны быць замацаваныя канкрэтныя людзі. Кіньце жарты, гэтыя мерапрыемствы вельмі сур’ёзныя». Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец называе ідэю народнага апалчэньня «геніяльнай»:

Сяргей Скрабец
«Калі гэтую зброю — стрэльбы ды гранатамёты — сапраўды раздадуць народу, то цікава будзе паглядзець, а куды людзі яе павернуць? На свае хрушчоўкі ці на катэджы ў Драздах? А па-другое, на жаль, гэта ідэя трохі спазьнілася. Бо калі б улады стварылі такое апалчэньне да 19 сьнежня для абароны Дому ўраду ды іншых аб’ектаў, то, магчыма, падзеі разгарнуліся зусім бы па іншым сцэнары. І, можа, сёньня мы былі б ужо ў свабоднай дэмакратычнай краіне».

Мечыслава Грыба, міліцэйскага генэрала, таксама ўразіў зварот Аляксандра Лукашэнкі непасрэдна да міністра ўнутраных спраў. Кіраўнік дзяржавы на Госкім палігоне заявіў:

«Міністар унутраных спраў павінен забыць: прыстойна, не прыстойна, як на нас падумаюць. Неабходна жорстка рэагаваць на любыя дзеяньні».

Мечыслаў Грыб: «Такіх выказваньняў не дазвалялі сабе нават першыя сакратары ЦК. Гэта — навацыі нашага часу. Не было тады такіх указаньняў. Ва ўсялякім разе я ніколі іх ня чуў. Хаця калі я працаваў у Міністэрстве ўнутраных спраў, то ачольваў там менавіта ўпраўленьне аховы грамадзкага парадку. То бок тое самае ўпраўленьне, якое адказвала за бясьпеку на вуліцах, у грамадзкіх месцах, за прафіляктыку і г.д. Міністар павінен выконваць закон. А тут я і ня ведаю, што патрабуюць ад людзей».

На Госкім палігоне Аляксандар Лукашэнка назваў і галоўнага ворага Беларусі. Гэта — Захад, НАТО:

«Мэта Захаду бачная няўзброеным вокам: ім трэба расхістаць сытуацыю ў Беларусі, адрэзаць яе ад актыўнага ўдзелу ў міжнародных грамадзка-палітычных працэсах, а затым уключыць у сфэру свайго ўплыву».

Анатоль Лябедзька
Такія выказваньні лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька называе «спробай перанесьці ўсё з хворай галавы на здаровую»:

«Мінулі тыя часы, калі бальшыня беларусаў насамрэч думала, што НАТО гэта вораг № 1, і таму трэба спаць з дубальтоўкай пад коўдрай. Сёньня бальшыня грамадзян разглядае сваім ворагам, — можа, толькі бяз той канцэнтрацыі злосьці, як у Лукашэнкі, — беларускія ўлады. Бо пагрозы сыходзяць ад тых, хто сядзіць у беларускіх, а не замежных кабінэтах. Менавіта тое, што здарылася ў апошні час, калі людзі зьбяднелі, страцілі свае ўклады, свае заробкі, і ёсьць нацыянальная бяда».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG