Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 2 па 4 лістапада ў Першамайскім судзе Менску праходзіў судовы працэс над старшынёй праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесем Бяляцкім. У зьвязку з тым, што дакумэнты з мытнага камітэту, якія запатрабаваў суд, пра дэклярацыі Бяляцкага пры перасячэньні мяжы, не гатовыя, абвешчаны перапынак да 10 лістапада. Праваабаронцу вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. Наглядальнікі адзначаюць, што справа мае палітычны характар.

У першы дзень у судзе зачыталі абвінавачаньне. Допыт Алеся Бяляцкага працягваўся дзьве з паловай гадзіны і ўвесь гэты час Алесь стаяў. Ён заявіў, што не прызнае сваю віну і лічыць справу перасьледам за праваабарончую дзейнасьць. Паводле Бяляцкага, атрыманыя на яго рахунак грошы ішлі на падтрымку дзейнасьці «Вясны» і іншых праваабарончых арганізацый. Суд адхіліў хадайніцтвы пра зьмену меры стрыманьня і пра вядзеньне працэсу на беларускай мове.

У другі дзень у судзе адбыўся допыт сьведак. Да прыкладу, прадстаўніца падаткавай інспэкцыі прызналася, што ня ўсё зразумела ў раздрукоўках зь літоўскага і польскага банкаў і не зразумела, паступалі грошы для цэнтру «Вясна» ці ад яго. Прадстаўніца Нацбаку выказала сумнеў у сапраўднасьці банкаўскіх дакумэнтаў.

Генэральны сакратар Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Артак Кіракасян з Армэніі назірае за працэсам:

«Гэта чыста палітычны працэс, у якім ідзе расправа над Алесем Бяляцкім і „Вясной“. Відавочна, што судзяць Алеся не за падатковыя праблемы, а менавіта за яго праваабарончую дзейнасьць.
Справядлівы суд у нейкі момант проста павінен быў спыніцца і сказаць, што тут наогул няма базы для абвінавачньня.

Сьведкі не былі зьвязаныя з абвінавачаньнем. Гаворка не ішла пра тое, якія грошы атрымліваў Алесь Бяляцкі, а больш пра тое, як ён распараджаўся гэтымі грашыма, у сэнсе таго, як дзейнічаў праваабарончы цэнтар „Вясна“. І гэта доказ таго, што абвінаваўчы бок больш разглядаў „Вясну“ як аб’ект абвінавачаньня. Даволі выразна сьведка з падаткавай інспэкцыі сказала, што важна ня толькі, як паступалі грошы, але і як яны потым праходзілі, то бок ці перадаваліся трэцяй асобе, ці ёсьць адпаведныя дамовы, гэта пазыкі ці іншага кшталту пераводы. Адснона гэтага ніякага сьледзтва не праводзілася. Справядлівы суд у нейкі момант проста павінен быў спыніцца і сказаць, што тут наогул няма базы для абвінавачньня. Але, на жаль, у такой краіне як Беларусь у нас ня вельмі аптымістычныя чаканьні».

У трэці дзень суду вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы. Адвакат зачытаў хадайніцтва, у якім лічыць віну Бяляцкага недаказанай. Падсумоўваючы вынікі трох дзён працэсу праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў:

«Мяне вельмі моцна ўразіла якасьць доказаў, прадстаўленых сьледзтвам. Тое, што яны туды напхнулі, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Усе гэтыя матэрыялы сшытыя ня ведаю чым. А найбольш мяне ўразілі суправаджальныя лісты з КДБ, якія абсалютна зразумела і ясна паказваюць рэальны характар гэтай справы. Там напісана, што паступіла ананімная інфармацыя, што ёсьць рахункі Бяляцкага, Стэфановіча ў Літве, на якія паступае замежная дапамога, зь якой фінансуецца радыкальная апазыцыя, у іншых матэрыялах напісана, „якая выкарыстоўваецца на незаконную дзейнасьць“. Дык пры чым тут асабісты прыбытак? А ў прынцыпе гэта паказвае, што справа Бяляцкага мае наўпроставае дачыненьне да 19 сьнежня. Было зачытана, што ў зьвязку з пачаткам справы па 19 сьнежня быў праведзены ператрус на офісе „Вясны“, і што гэтыя матэрыялы могуць стаць доказнай базай па крымінальнай справе. Проста галоўнай задачай было пачаць справу і ізаляваць Бяляцкага любымі шляхамі».
Справа Бяляцкага мае наўпроставае дачыненьне да 19 сьнежня.

Алеся Бяляцкага трымаюць у залі суду ў клетцы, і частку працэсу ён быў у кайданках. Тых, хто прыходзіць на працэс фіксуюць на відэа, запісваюць прозьвішчы, даглядаюць рэчы, абшукваюць. Некалькі чалавек былі выдаленыя з залі за майкі з надпісам «Свабоду Бяляцкаму!» Праваабаронца Валеры Шчукін адзначыў, што сам працэс вядзецца даволі карэктна, бо калі судзілі Аляксандра Казуліна, то «судзьдзя вёў сябе па-хамску».

Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць Бяляцкага, палітык Лявон Баршчэўскі:

«Я чуў, у Маскве ёсьць тэрмін „басманнае правасудзьдзе“. А ў мяне зьяўляецца тэрмін — „малінаўскае правасудзьдзе“. Дакумэнты, на якія спасылаецца абвінавачаньне, ня ёсьць дакмуэнтамі, як вынікае. Гэта нейкія ксэракопіі ні кім не завераных нейкіх раздруковак. Школьнік 9-й клясы, які вывучае грамадазнаўства, ведае, што ёсьць дакумэнтам, а што не. Справа мае выключна палітычны характар. Гэта дапамгае трымаць атмасфэру страху».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG