Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя расейскія дзеячы культуры напісалі ліст у беларускую міліцыю адносна Зьмітра Дашкевіча. Маці Эдуарда Лобава ня можа паслаць яму падарунак да дня народзінаў. Ірына Халіп не атрымала ліст ад мужа, Андрэя Саньнікава, у якім той паведамляў пра правакацыю турэмнай адміністрацыі. Зь Мікалаем Статкевічам сустрэўся адвакат. Павал Севярынец апавёў пра апошні тыдзень на «хіміі».

Вядомыя расейскія пісьменьнікі Барыс Стругацкі і Ніна Катарлі, а таксама актор Аляксей Дзівотчанка зьвярнуліся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС у абарону лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. Аўтары ліста патрабуюць не парушаць правы вязьня, якога, як яны лічаць, беларускія ўлады перасьледуюць паводле палітычных прычын.

Нявеста актывіста Наста Палажанка: «Дзіводчанка разам зь Нінай Катарлі напісалі Дзіму ліст, у якім паведамілі, што разам з Барысам Стругацкім накіравалі ліст у дэпартамэнт у ягоную падтрымку. Увогуле яму шмат людзей з Расеі пішуць лісты».

Зьміцер Дашкевіч па-ранейшаму сядзіць у адзіночнай камэры Глыбоцкай турмы, шмат чытае і піша, на ўмовы ня скардзіцца.

Дашкевіч быў асуджаны на 2 гады паводле абвінавачаньня ў хуліганстве, якое нібыта ўчыніў разам з актывістам Эдуардам Лобавым. Эдуард атрымаў 4 гады, яго зьмясьцілі для адбыцьця пакараньня ў Івацэвіцкую калёнію.

За амаль паўгода зьняволеньня Лобаву толькі 3 разы дазволілі пазваніць дамоў. Вось ужо болей за месяц званкоў няма. Да 1 сьнежня маці Лобава зьбіралася даслаць сыну падарунак на дзень народзінаў, але ліміт на перадачы вычарпаны й прыйдзецца чакаць сярэдзіны сьнежня.

«У іх, відаць, ёсьць абмежаваньне па месяцах. Я нядаўна перадала невялікую перадачу, і ўсё — кажуць, больш нельга. Меркавала, што можна, толькі каб не перавышаць ліміт агульнай колькасьці, аказваецца — не.»

Апошнім часам ад Эдуарда Лобава не даходзяць і лісты. Тая ж праблема і з карэспандэнцыяй ад экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава.

Жонка палітыка журналістка Ірына Халіп: «Адвакату ён сказаў, што 19 кастрычніка адправіў мне ліст, у якім падрабязна распавёў, як да яго ў камэру падсаджвалі хворага на сухоты вязьня. Але дагэтуль я гэты ліст не атрымала».

Андрэй Саньнікаў таксама паведаміў, што працягваецца ціск на яго з мэтай дамагчыся прашэньня аб памілаваньні. Болей за тыдзень Саньнікава трымаюць у карантыне Бабруйскай калёніі.

Гэтаксама ў карантыне Магілёўскай 15-й калёніі трымаюць каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнку. Сваякі паведамляюць, што стан здароўя вязьня не палепшаў.

5 лістапада зь Мікалаем Статкевічам у Шклоўскай калёніі сустрэўся адвакат.

Жонка Марына Адамовіч: «Быў у яго адвакат. Сказаў напярэдадні, што будзе сядзець, пакуль ня пусьцяць. У выніку праседзеў там палову дня. Званіў, сказаў, што бачыў яго, а падрабязнасьці пазьней».

Мінуў тыдзень, як адміністрацыя «камэндатуры», дзе адбывае пакараньне 2 гадамі «хіміі» Павал Севярынец, вырашыла, што ён стаў на шлях выпраўленьня. Ці ёсьць прыкметы таго, што для адбыцьця пакараньня палітыка могуць перавесьці дадому ў Віцебск? Сам Павал Севярынец гэтых прыкмет не заўважыў:

«Выглядае на спэктакль. Можа, яны хацелі мяне падштурхнуць да прызнаньня віны, можа, паказаць начальству, што працуюць у гэтым кірунку.»

Павал Севярынец кажа, што прызнаваць віну па-ранейшаму не зьбіраецца.

Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".

Эдуард Лобаў
Нарадзіўся ў Менску ў 1988 г. З 8-га кляса марыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спэцназе. Тамсама, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомелю, дзякуючы якому далучыўся да "Маладога фронту". Быў абраны кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі МФ. Надалей цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэньне беларускага войска.

Затрыманы 18 сьнежня разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве. У Жодзінскім СІЗА за адмову сьведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесьці ў камэру, дзе зь ім жорстка расправяцца.
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Павал Севярынец
Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 г. у Воршы. Скончыў з залатым мэдалём віцебскую школу № 25 (з мастацкім ухілам). Пачатак цікавасьці да палітыкі — абраньне ў 10 клясе школы ў Дзіцячы рэспубліканскі парлямэнт. Захапляўся геаграфіяй і геалёгіяй. Скончыў геафак БДУ. У 1994—1999 гг. працаваў журналістам у шэрагу недзяржаўных выданьняў. З 1998 г. друкуецца ў незалежнай прэсе як публіцыст. Ляўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі".

У 1999—2003 гг. быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 гг. — старшынём "Маладога Фронту", цяпер — сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны 20 сьнежня і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму прад’яўлена абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 4 красавіка замест гэтага прад'яўлена іншае абвінавачаньне (арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
XS
SM
MD
LG