Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што судзяць Алеся Бяляцкага?


Працягваецца суд над кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім. Якіх мэтаў хочуць дасягнуць улады гэтым працэсам? Якое ўражаньне ад суду? Які можа быць прысуд?

Удзельнікі: старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак і экспэрт праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч.

Уладзімер Лабковіч
Алег Гулак
Валер Карбалевіч


Мэты працэсу над Бяляцкім


Валер Карбалевіч: «Ідзе трэці дзень судовага працэсу над вядомым праваабаронцам Алесем Бяляцкім. Ад самага арышту Алеся справа набыла гучны міжнародны рэзананс. Бо падставу для яе дала выдача Літвой яго банкаўскіх рахункаў.

Увогуле, праблема з палітзьняволенымі — перашкода для нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з Захадам. Тым ня менш улады вядуць справу да таго, што ў краіне зьявіцца яшчэ адзін палітвязень. Навошта гэта патрэбна беларускаму кіраўніцтву? Якіх мэтаў хочуць дасягнуць улады гэтым працэсам?»

Алег Гулак: «Палітвязень ужо зьявіўся. Бо Алесь ужо тры месяцы сядзіць у вязьніцы. Ён ужо палітзьняволены. Наконт мэтаў улады. Важным у гэтым сэнсе зьяўляецца дакумэнт, які быў агучаны на судзе. Уся справа пачалася з таго, што старшыня КДБ Зайцаў зьвярнуўся да пракуратуры з інфармацыяй. Маўляў, у іх ёсьць зьвесткі, што Бяляцкі і Стэфановіч атрымліваюць замежныя грошы і выкарыстоўваюць іх для супрацьпраўнай дзейнасьці. І таксама пытаньне пра іх асабісты даход. Але сёньня пракурор не выстаўляе абвінавачваньня ў супрацьпраўнай дзейнасьці. Гаворка ідзе толькі пра асабісты даход. Мэта ўладаў — ціск за праваабарончую дзейнасьць».
Ва ўладаў здалі нэрвы. Яны вырашылі адпомсьціць, нягледзячы на нэгатыўную міжнародную рэакцыю.

Уладзімер Лабковіч: «Старшыня КДБ Зайцаў даслаў падобныя лісты ня толькі ў пракуратуру, але і ў Камітэт дзяржкантролю, Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. Думаю, справа ініцыявалася непасрэдна Лукашэнкам.

Думаю, гэтыя рэпрэсіўныя дзеяньні ўладаў зьвязаны зь дзейнасьцю „Вясны“ пасьля 19 сьнежня, з пазыцыяй, якую выказваў Бяляцкі на міжнародных форумах. Ва ўладаў здалі нэрвы. Яны вырашылі адпомсьціць, нягледзячы на нэгатыўную міжнародную рэакцыю».

Ход судовага працэсу


Карбалевіч: «Якое ўражаньне ад суду? Ці пераканаўчая доказная база? Якую тактыку выкарыстоўвае бок абвінавачаньня, бок абароны?»

Гулак: «Пакуль рана гаварыць пра ўвесь працэс. Бо яшчэ ня скончана судовае сьледзтва. Мы яшчэ ня чулі ацэнак адвакатаў. Але тое, што я бачу цяпер: сьледзтва не зрабіла важных дзеяньняў. Яно ня высьветліла, адкуль паступалі грошы на рахунак Бяляцкага, на якія мэты яны выкарыстоўваліся. Калі адвакаты папрасілі высьветліць адказы на гэтыя пытаньні, то іх хадайніцтва было адхілена на падставе, што гэта ня мае дачыненьня да справы.

Дакумэнты па справе аформленыя сьледзтвам неахайна. Блытаніна ў перакладзеных матэрыялах. Частка матэрыялаў не перакладзеная. Пракурор, які прадстаўляе абвінавачваньне, кажа, што „ў справе маюцца матэрыялы, зьмест і сэнс якіх ацаніць нельга, бо яны не перакладзеныя“. Тады чаму яны ў гэтай справе ўтрымліваюцца?»

Лабковіч: «Гэты судовы працэс яскрава прадэманстраваў поўную дэградацыю беларускага сьледзтва. Падаецца, сьледчыя разумелі, што суд палітычны, усебаковага і аб’ектыўнага разгляду справы ня будзе, прысуд вырашаецца на палітычным узроўні, — то навошта прафэсійна ладзіць сьледзтва? У выніку адны дакумэнты супярэчаць другім, некаторыя ня маюць пячатак. Хутка ўсё гэта прывядзе да таго, што зьнікнуць элемэнтарныя прафэсійныя навыкі ў сьледзтва, пракуратуры і суду. Бо яны непатрэбныя, калі няма сапраўднага правасудзьдзя. Нават па рэзананснай справе, да якой прыкутая ўвага беларускай і міжнароднай грамадзкасьці, сьледзтва зроблена неакуратна.

Справа рассыпалася ў судзе яшчэ ў першы дзень. Адзіным прававым рашэньнем суду была б адпраўка яе на дапрацоўку. А пракуратуры трэба было б адмовіцца ад абвінавачваньня. Бо яно не вытрымлівае ніякай крытыкі».

На чыім баку грамадзкая думка?


Карбалевіч: «Гэты працэс асьвятляецца дзяржаўнымі мэдыямі. Відаць, улады імкнуцца атрымаць ад гэтага суду палітычныя, прапагандысцкія дывідэнды. Ці ўдасца гэта? Верасьнёўскае апытаньне НІСЭПД паказвае, што 40% грамадзян лічаць гэта звычайным крымінальным перасьледам, а 35% — палітычным перасьледам. Пасьля суду грамадзкія настроі па гэтай справе зьменяцца?»
Ня трэба недаацэньваць значэньне прапаганды.

Гулак: «Ня трэба недаацэньваць значэньне прапаганды. Як казаў Гебэльс, каб людзі паверылі ў ману, яна павінна быць вялікая. Гэта мы бачым цяпер. Журналісты, якія расказваюць у дзяржаўных мэдыях пра гэтую справу, добра разумеюць, на што ішлі грошы з рахункаў Бяляцкага. А абывацель, які ня ведае пра гэта, ня ведае Бяляцкага, не сутыкаўся зь дзейнасьцю „Вясны“, можа і паверыць вэрсіі дзяржаўных мэдыяў. А для дасьведчаных людзей робіцца яшчэ больш відавочна, што дзяржаўная прапагандысцкая машына страціла ўсялякае сумленьне. У выніку мы атрымаем яшчэ большы раскол грамадзтва».

Лабковіч: «Кампанія дыфамацыі Бяляцкага, „Вясны“, увогуле праваабаронцаў пачалася адразу пасьля арышту Алеся. Яна насіла брудны характар. Не зважаючы на прэзумпцыю невінаватасьці, Бяляцкага вінавацілі яшчэ да пачатку суду.

Чым далей, тым больш прапаганда сябе дыскрэдытуе і робіцца ўсё менш карыснай для ўладаў. Стварэньне вобразу ворага з апанэнтаў сапраўды паглыбляе грамадзкі раскол».

Які будзе прысуд?


Карбалевіч: «Цяжка даваць прагнозы. Але ўсё ж, як вы думаеце, які можа быць прысуд?»

Гулак: «Як юрыст я бачу, што сьледзтва ня мае пераканаўчых доказаў віны Бяляцкага, што ён хаваў даход. Таму яго б трэба было апраўдваць. Іншая справа, што ў Беларусі шмат дурных законаў, якія парушаюць міжнародныя стандарты наконт свабоды асацыяцыяў і іншых правоў чалавека. Парушэньне некаторых з гэтых законаў можна знайсьці ў згаданай справе. Але гэтыя законы супярэчаць міжнародным абавязаньням Беларусі, што суд і пракурор павінны ўлічваць. Але ў нас права ня ёсьць падставай для вынясеньня прысуду па такіх справах. Спадзяюся, што палітычная мэтазгоднасьць падкажа ўладам, што для ўсіх больш карысна, каб Бяляцкі быў на свабодзе».

Лабковіч: «Ня буду гадаць. Лічу, што адзіным справядлівым прысудам будзе поўнае апраўданьне Бяляцкага. Пры адсутнасьці ў краіне правасудзьдзя ў прынцыпе — спадзяюся, што ва ўладаў хопіць палітычнага розуму, каб вынесьці пакараньне, не зьвязанае з абмежаваньнем ці з пазбаўленьнем волі. Хочацца разьлічваць на інстынкт самазахаваньня рэжыму».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG