Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Беларусі ствараецца новая армія, упор у якой будзе зроблены на войскі тэрытарыяльнай абароны". Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка, уручаючы генэральскія пагоны кіраўнікам абласьцей і Менску. Ці ёсьць сёньня патрэба ствараць новае войска, пераглядаць вынікі рэформы Ўзброеных сілаў? На які прапагандысцкі эфэкт разьлічана кампанія ўзмацненьня войскаў тэрытарыяльнай абароны? На гэтыя пытаньні адказвае былы міністар абароны Беларусі генэрал Павал Казлоўскі.

Цыганкоў: Найперш спытаюся: як вы (як генэрал і былы міністар абароны) ставіцеся да таго факту, што кіраўнікам абласьцей Лукашэнка прысвоіў генэральскія званьні?

Афіцэрам запасу прысвойваецца званьне не вышэйшае за палкоўніка

Казлоўскі: Я тут стаўлюся, відаць, як і большасьць нашых людзей, якія не разумеюць, што адбываецца. Паводле існуючых законаў, палажэньня аб праходжаньні вайсковай службы афіцэрам запасу, якімі зьяўляюцца губэрнатары (ня ведаю нават, ці ўсе яны афіцэры запасу), прысвойваецца званьне не вышэйшае за палкоўніка.

І вось калі ў дзяржаве парушаецца палажэньне аб праходжаньні вайсковай службы, закон аб усеагульным вайсковым абавязку — чаму можна зьдзіўляцца?

Цыганкоў: А як вы ставіцеся да таго, што адбываецца гэтыя два дні — вучэньні войскаў тэрытарыяльнай абароны? Лукашэнка заявіў: "Мы ствараем, калі хочаце, новае войска ў Беларусі, і ім будзеце камандаваць вы". Паводле Лукашэнкі, яно будзе налічваць 120 тысяч чалавек. Ці існуе цяпер патрэба ў такім войску?

Казлоўскі: Толькі нядаўна была завершаная вайсковая рэформа, якую правёў Мальцаў, які быў міністрам абароны. Якая б яна ні была, але яе зацьвердзіў Лукашэнка. І вось зараз гучыць, што будзе створаная новая арганізацыя. Але такія дзяржаўныя пытаньні не павінны так рашацца: уздумалася — назвалі.

Было прадэманстравана, што мы рыхтуемся да вайны. Гэта дзіўна

Калі глядзіш на карціну гэтых вучэньняў, узьнікае пытаньне: мы што, рыхтуемся да вайны з НАТО? Якія пагрозы мы бачым для Беларусі? Але было прадэманстравана, што мы рыхтуемся да вайны. Гэта дзіўна. Ці то не разумеюць, якія ёсьць рэальныя пагрозы для бясьпекі, ці то баяцца нейкіх сцэнараў, якія могуць паўтарыцца ў Беларусі? Таму ідзе такая хваля ўмацаваньня ваеннага складніку?

Цыганкоў: То бок вы лічыце, што гэта мае пераважна ідэйна-прапагандысцкі эфэкт, а ня чыста ваенны?

Казлоўскі: Пераважна. Усё гэта гучыць па БТ і адпаведна падаецца нашым людзям. Людзі і так у страху, незадаволеныя, на кухнях абураюцца, у крамах крычаць. Але страхам пранізаныя ўсе. І вось тут паказана такая магутная ваенная машына. То бок магутны інфармацыйны пасыл — "ня ўздумайце нават нешта падумаць пра нейкія пратэсты супраць таго, што адбываецца сёньня".
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG