Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Ліхавід: "Улады спрабуюць задушыць гэтым працэсам увесь праваабарончы рух"


Сёньня — трэці дзень суду па справе Алеся Бяляцкага. Як праваабаронцы, родныя тых, каму дапамагала праваабарончая арганізацыя "Вясна" і непасрэдна сам Алесь Бяляцкі, ацэньваюць гэты судовы працэс.

На думку праваабаронцы Барыса Звоскава, якога выклікалі на працэс у якасьці сьведкі, доказная база не вытрымлівае аніякай крытыкі. Падчас сьледзтва спадара Звоскава выклікалі на допыт, і сьледчая казала, што на яго рахунак у польскім банку Бяляцкі быццам бы пералічыў 8 тысяч эўра. На судзе пракурор настойваў, што наадварот, не Бяляцкі Звоскаву, а Звоскаў Бяляцкаму пералічыў 8 тысяч эўра. Звоскаў зьезьдзіў у польскі банк і даведаўся, што такога рахунку наагул няма ў прыродзе:

"Мне банкаўскія службоўцы патлумачылі, што гэты рахунак ніколі нікім не адкрываўся. Хіба гэта ня "ліпа"? І вось такі доказ сьледзтва і бок абвінавачваньня, блытаючыся ў кірунках перасылкі грошай, даюць суду? Суд адмаўляецца задаволіць хадайніцтва, каб атрымаць інфармацыю, на якія мэты выдаткоўваліся грошы, якія прыходзілі на рахунак Бяляцкага, на што яны выкарыстоўваліся, як за іх трымалі справаздачу".

Маці былога палітвязьня Мікіты Ліхавіда спадарыня Алена ўсе тры дні знаходзіцца на працэсе над Алесем Бяляцкім:

Алена Ліхавід
Алена Ліхавід
"Да канца не дасьледаваныя матэрыялы, не запатрабаваныя многія дакумэнты, што ўсё гэта "фількава грамата". Зразумела, што працэс палітычна матываваны. Улады спрабуюць проста задушыць гэтым працэсам увесь праваабарончы рух, каб людзі засталіся наагул без прававой дапамогі, каб яны не маглі ў некага пракансультавацца пра свае элемэнтарныя правы".

Родныя і блізкія многіх асуджаных з палітычных матываў з удзячнасьцю ўзгадваюць менавіта "Вясну", якая ня толькі аказвала прававую дапамогу, але і дапамагала матэрыяльна. Маці былога палітвязьня Сяргея Казакова спадарыня Ганна кажа:

менавіта "Вясна" апэратыўна і арганізавана патлумачыла, што рабіць, куды зьвяртацца ...

"Калі я наагул разгубілася —дзіця невядома куды і за што забралі, — менавіта "Вясна" апэратыўна і арганізавана патлумачыла, што рабіць, куды зьвяртацца. А грашовая дапамога — бязь іх я наагул ня ведаю, што б было... 400 тысяч у дзень за працу адваката наагул нерэальна было б для мяне. Тое, што займае ў адваката дзьве гадзіны — кожны рух адваката каштаваў 400 тысяч. Такую вялікую справу рабіла "Вясна".

Юрыст, праваабаронца Барыс Звоскаў, што да прысуду Алесю Бяляцкаму, асаблівых ілюзіяў ня мае:

Бяляцкі будзе прызнаны вінаватым і асуджаны, а потым будзе як разьменная манэта ў палітычным торгу ...

"Бяляцкі будзе прызнаны вінаватым і асуджаны, а потым будзе як разьменная манэта ў палітычным торгу, які проста па-майстэрску вядзе кіраўнік дзяржавы. Гэта мы назіралі і раней, калі на нейкія крокі Захаду ён выпускаў то Казуліна, то зьняволеных па справе 19 сьнежня. Таму ад суду першай інстанцыі я нічога добрага не чакаю".

Барыс Звоскаў кажа, што нават калі Бяляцкі і пагодзіцца сплаціць суму, якая фігуруе ў матэрыялах справы як нявыплачаныя падаткі, яму "сьвеціць" мінімум палова тэрміну, які прадугледжаны за злачынствы такога кшталту.

Літаральна ўсе прысутныя на судзе адзначаюць, што Алесь Бяляцкі трымаецца надзвычай мужна. Алена Ліхавід прызнаецца:

Алесь даў "майстар-кляс" для пракурора па правах чалавека ...

"Я проста захапляюся гэтым чалавекам, ён трымаецца ня проста малайцом — сапраўдны праваабаронца — ён і ў клетцы праваабаронца. Я вельмі шчасьлівая, што лёс зьвёў мяне з такім чалавекам. Хтосьці вельмі слушна заўважыў, што на працэсе Алесь даў "майстар-кляс" для пракурора па правах чалавека".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG