Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэлап: 30% жыхароў лічаць беларускія СМІ пераважна свабоднымі


Большасьць людзей у сьвеце лічаць, што СМІ ў іх краінах хутчэй маюць свабоду, чым не. Такія вынікі апытаньня, праведзенага амэрыканскім інстытутам Гэлапа.

Менш чым кожны трэці ўспрымае СМІ сваёй краіны як свабодныя ў Чадзе (27%), Гаіці (28%), Армэніі (29%), Беларусі (30%) і Маўрытаніі (32%). У суседняй зь Беларусьсю Польшчы 80% жыхароў лічаць, што СМІ хутчэй маюць свабоду, чым не, у Расеі і Ўкраіне – 43%.

Свабодныя і незалежныя сродкі масавай інфармацыі зьяўляюцца індыкатарамі кіраваньня і разьвіцьця, адзначаюць экспэрты інстытуту. Многія з дасьледаваных краінаў маюць законы, якія гарантуюць свабоду прэсы і выказваньняў, але яны могуць інтэрпрэтаваць гэтую свабоду па-рознаму. Канстытуцыя Чаду, напрыклад, прызнае свабоду слова, але «ўлады там рэгулярна выкарыстоўваюць пагрозы і заканадаўчыя палажэньні дзеля цэнзуры крытычных рэпартажаў», адзначае праваабарончая арганізацыя Freedom House. Журналістам пагражаюць альбо кідаюць за краты ў кожнай з краінаў, жыхары якіх найбольш крытычна выказваюцца што да свабоды прэсы.

Зь іншага боку краіны, дзе жыхары лічаць, што СМІ ў іх маюць шмат свабоды, зьяўляюцца аднымі з найбольш разьвітых у сьвеце. Як найменей 9 з 10 рэспандэнтаў у 10 краінах сьвету кажуць пра свабодныя СМІ ў сваіх краінах. Гэта жыхары Нідэрляндаў, Даніі і Аўстраліі ды іншых. У ЗША 89% амэрыканцаў лічаць, што амэрыканскія СМІ маюць шмат свабоды.
XS
SM
MD
LG