Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы адзначаюць Дні сьвятога Губэрта


Карціна «Алень сьвятога Губэрта» Аляксандра Сільвановіча.

Карціна «Алень сьвятога Губэрта» Аляксандра Сільвановіча.

Сёньня ў мастацкай галерэі «Крыга» ў Горадні адкрылася выстава, прысьвечаная патрону гораду сьвятому Губэрту. А ўвечары з гэтай нагоды ў горадзе адбылася творчая сустрэча з гуртом даўняй музыкі «Стары Ольса». Улады не адзначаюць такога сьвята, гэта — ініцыятыва незалежнага грамадзтва.
У галерэі «Крыга» гучыць клясычная музыка.

Напачатку ў «Крызе» моладзь паказала кароткую пастаноўку. Гаспадыня галерэі Марыся Мацко сказала, што лялечныя спэктаклі праводзяцца ня першы раз: тэкст пра сьвятога Губэрта напісала Жэня Рамановіч, зь сябрамі яны зрабілі лялькі і паставілі яго.
Моладзь паказвае лялечную сцэнку пра Губэрта.

Карціны ўзычылі мастакі-гарадзенцы. Да іх зьвярнуўся ксёндз-пробашч Францішканскага касьцёлу, што ў занёманскай частцы гораду, Юзаф Макарчык. Ён сказаў на беларускай мове:

«Добра, што ўспамінаецца сёньня сьвяты, які церазь вякі быў зьвязаны з Горадняй. Мы бачылі прадстаўленьне пра сьвятога Губэрта. Канечне, там шмат легенды, але важна тое, што ён спаткаў Бога ў анёле, які зьявіўся яму аленем. Пасьля гэтага ён памяняў сваё жыцьцё і стаў ісьці правільным шляхам і закончыў яго сьвятым».

Ксёндз Юзаф Макарчык зьвяртаецца да мастакоў.
Ксёндз Юзаф сказаў, што разумее — сьвяты стаў асновай для мастакоў, карціны атрымаліся вельмі розныя: «Адны можна зьмясьціць адразу ў рамачкі і паставіць у касьцёле і бабулькі будуць маліцца. А іншыя адлюстроўваюць больш мастацкі погляд на яго, паказваюь душу. Мы знаем, што Бог у нейкім пляне прысутны таксама ў вашай працы. І думаю, што не адзін наведнік дзякуючы вашым працам затрымаецца і задумаецца над сьвятым Губэртам, а тым больш стане бліжэй да Бога, я гэтага вам усім жадаю».

Тацяна Канопкіна з Таварыства беларускай школы нагадала, што Дні сьвятога Губэрта праводзяцца тры гады запар, яны сталі ўжо традыцыяй. Яна нагадала, што 5-6 лістапада адбудзецца прымеркаваная да іх гістарычная канфэрэнцыя «Гарадзенскі палімпсэст».
XS
SM
MD
LG