Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы аб працэсе Бяляцкага: "Груба сфабрыкаванае палітычнае шоў"


У чацьвер у Менску другі дзень судзілі старшыню незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага.

Суд над Алесем Бяляцкім. Дзень другі. Жывы рэпартаж

Спадара Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Банкаўскія зьвесткі Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Бяляцкага вязьнем сумленьня.

Сёньня на працэсе выступалі сьведкі.

Паказаньні Натальлі Пашкоўскай, кіраўніцы ўправы інспэкцыі сыстэмы для міжнародных разьлікаў SWIFT Нацбанку Беларусі, сталіся сапраўднай сэнсацыяй дня. Пашкоўская паглядзела на прысланыя зь Літвы і Польшчы банкаўскія раздрукоўкі і заявіла, што яны збольшага па форме не адпавядаюць міжнародным стандартам, а толькі стандартам канкрэтнага банку. Пашкоўская таксама заявіла, што паводле існуючых нормаў, выпіскі з банкаўскіх рахункаў павінны быць афіцыйна завераныя. «Калі яны не завераныя пячаткай, то, на маю думку, такія дакумэнты ня могуць лічыцца сапраўднымі», — заявіла Пашкоўская. Пракурор Валеры Сайкоўскі быў відавочна зьбянтэжаны.

Яшчэ раз яму давялося чырванець, калі праваабаронца Барыс Звоскаў прынёс у суд даведку з польскага банку PKO, што ў яго там няма рахунку, у чым яго абвінавачвалі ў часе папярэдняга допыту.

Пракурор са скрухай прызнаў, што ў дакумэнтах адносна Звоскава ёсьць памылкі і несупадзеньні. На што Звоскаў заявіў: «Што гэта за доказы ў вас? А астатнія доказы ў вас такія самыя?»

Апрача Звоскава цэлы шэраг беларускіх праваабаронцаў сёньня быў заслуханы ў якасьці сьведак па справе іх калегі Алеся Бяляцкага. Яны трымаліся салідарнай пазыцыі, прызнаваліся, што атрымлівалі ад Бяляцкага грошы «на праваабарончую дзейнасьць». Але сумы, рахункі і іншыя дэталі называць адмаўляліся, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі, які дазваляе не даваць суду інфармацыю, якая можа быць выкарыстаная супраць іх саміх.

Сьведка Тацяна Равяка, як і іншыя, прызналася, што атрымлівала ад Бяляцкага грошы на праваабарончую дзейнасьць, яна разумее, што гэта можа выклікаць абвінавачваньні ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі:

"Канешне я хвалявалася. І хвалявалася за тое, каб не нашкодзіць Алесю Бяляцкаму. Найменш я думала ў гэтай сытуацыі пра сябе… Мы ж ніколі не хавалі, што мы працягваем дзейнасьць і што нашыя спробы зарэгістравацца адбываліся на працягу гэтых гадоў, і гэта ня значыць, што мы не прадпрымем новыя спробы для легалізацыі, для нашага новага юрыдычнага статусу".

Алена Лапцёнак пасьля свайго выступу ў якасьці сьведкі зьняла з сябе швэдар, пад якім была саколка з партрэтам Бяляцкага і выгукнула "Бяляцкаму – волю!". За гэта яе выдалілі з залі да канца працэсу.

"Алесь, я бачу, трымаецца ня проста годна і мужна, а вельмі ўпэўнена, таму што ягонай віны ў тым, у чым яго абвінавачваюць, няма. Гэта відавочна, таму чалавек спакойны. Зараз на працэсе ўсё гэта вылазіць, тое, што само сьледзтва, на мой погляд, было вельмі кепска падрыхтаванае, у іх няма ніякіх матэрыялаў. Тыя жанчыны, якія былі з падатковай інспэкцыі, блыталіся ў паказаньнях і сьведчылі на карысьць Алеся", - расказала Алена Лапцёнак.

Аляксандра Кулаева зь Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, віцэ-прэзыдэнтам якой зьяўляецца Алесь Бяляцкі, другі дзень сочыць за працэсам Першамайскага суду, і тое, што яна пабачыла, толькі пацьвярджае яе перакананьне, што гэты працэс палітычны, мае на мэце спыніць дзейнасьць спадара Бяляцкага:

"Назіраліся спробы ўчыніць псыхалягічны ціск як на абвінавачанага, так і на сьведкаў, апошнім задаваліся пытаньні, якія хутчэй адносіліся да іх і іх дзейнасьці, чым да разгляданай справы. Таксама мне падаецца, што адказы сьведак прадэманстравалі, што сьледзтва было праведзенае вельмі кепска, былі памылкі, несупадзеньні ў дакумэнтах. І ў цэлым складаецца ўражаньне дастаткова груба сфабрыкаванага, кепска падрыхтаванага нейкага палітычнага шоў, якое мае на мэце дыскрэдытацыю віднага праваабаронцы".

Працэс адновіцца заўтра а 10-й раніцы. Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG