Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская мова дазваляе ўзмацніць крэатыў у рэкляме»


У Магілёве адбылася прэзэнтацыя вынікаў II фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і камунікацыяў «AD.NAK!». На яе ў канфэрэнц-залю гасьцініцы «Магілёў» прыйшлі прадстаўнікі мясцовай бізнэс-супольнасьці, якія зацікаўленыя ў выкарыстаньні беларускай мовы ў рэкляме сваіх паслугаў і прадуктаў, а таксама журналісты.

Акрамя прэзэнтацыі вынікаў самаго фэстывалю арганізатары паказалі найлепшыя рэклямныя працы пераможцаў найвядомейшых усясьветных фэстываляў. Для ахвотных былі праведзеныя майстар-клясы.

Вынікі другога фэстывалю беларускамоўнай рэклямы былі падведзеныя 23 чэрвеня. Журы разгледзела 272 заяўкі ад больш як ста ўдзельнікаў. Летась было пададзена 105 прац ад 59 удзельнікаў.
Расьце ўсьведамленьне й разуменьне таго, што беларуская мова становіцца важным і якасным сродкам камунікацыі.

Каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі» Алена Макоўская: «Павелічэньне колькасьці ўдзельнікаў і конкурсных прац кажа пра тое, што расьце ўсьведамленьне й разуменьне таго, што беларуская мова становіцца важным і якасным сродкам камунікацыі. Бізнэс гэта разумее. Мы рызыкавалі, калі абвяшчалі другі фэстываль. Непакоіліся, што ня будзе ўдзельнікаў. Для першага фэстывалю мы адбіралі ролікі, зробленыя за тры гады да фэстывалю, а на другі — за год між фэстывалямі. Тое, што прац даслалі болей, чым летась, для нас было пазытыўным адкрыцьцём».

Кіраўнік інтэрнэт-рэсурсу Marketing.by Сяргей Скараход прызнае, што прысутнасьць беларускай мовы на нацыянальным рынку рэклямы пакуль мізэрная:

Сяргей Скараход
«Гэта адзінкі працэнтаў. Мы разумеем, што за год, за два, за тры сытуацыі ня зьменім. Аднак назіраючы за тым, што адбываецца пасьля фэстывалю, мы выснуем, што сытуацыя ўсё ж мяняецца. Усё часьцей зьяўляюцца рэклямныя ролікі па-беларуску. Напрыклад, некалькі банкаў скарысталі мову. Беларуская мова дазваляе ўзмацніць крэатыў, а вынікі камунікацыяў зрабіць больш эфэктыўнымі. Яна дазваляе выразьніць перавагі прадукту. Ёсьць прадукты ад пачатку мэнтальна беларускія, яны ўнутры насычаныя беларускасьцю, і вось фішка беларускай мовы ў тым, што яна дазваляе хутчэй заваяваць ляяльнасьць спажыўца».

Фэстывалем «AD.NAK!» яго арганізатары намагаюцца натхніць шырокае кола беларускіх спэцыялістаў рэклямнай галіны да ўжываньня найбольш цікавых і эфэктыўных формаў і сродкаў камунікацыі на беларускай мове.
XS
SM
MD
LG