Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 лістапада ў францускіх Канах адкрываецца двухдзённы саміт так званай "групы дваццаці" - міжнародная нарада кіраўнікоў 19 краін з найбуйнымі эканомікамі ў сьвеце і Эўразьвязу. Галоўная тэма абмеркаваньня - працяглы крызіс у зоне адзінай эўрапейскай валюты і яго ўплыў на сусьветныя эканамічныя працэсы.

Праграма саміту "вялікай дваццаткі" ў Канах літаральна напярэдадні апынулася пад пагрозай зрыву з-за палітычнай нестабільнасьці ў Грэцыі, якая раптам вырашыла правесьці агульнанацыянальны рэфэрэндум – ці прымаць эўрапейскі плян выратаваньня краіны ад пазыковага крызісу. Наўзамен на фінансавую дапамогу і сьпісаньне даўгоў ЭЗ патрабуе ад Атэнаў павышэньня падаткаў і новых жорсткіх мер па скарачэньні бюджэтных расходаў і заробкаў служачых дзяржсэктару.

Гэта выклікала ў грэцкіх гарадах масавыя пратэсты супраць дзейнага ўрада і палітыкі кіроўнай Сацыялістычнай партыі на чале з прэм'ерам Георгіёсам Папандрэў. Паводле апошніх паведамленьняў, рэфэрэндум у Грэцыі прызначаны на 4 сьнежня, і на 4 лістапада ў грэцкім парлямэнце таксама заплянавана галасаваньне па пытаньні аб даверы ўраду, прычым ёсьць усе падставы меркаваць, што Сацпартыя яго прайграе.

Дзяржаўны доўг Грэцыі складае прыкладна 350 мільярдаў эўра. Раней краіны-члены ЭЗ вылучылі Грэцыі 110 мільярдаў даляраў дапамогі, а на двух апошніх самітах Эўразьвязу ў Брусэлі з 23 па 26 кастрычніка было вырашана даць Атэнам яшчэ 130 мільярдаў эўра, а таксама дамовіцца сьпісаць палову грэцкіх даўгоў замежным прыватным банкам. Пасьля чаго і зьявілася нечаканая заява прэм'ер-міністра Папандрэў аб рэфэрэндуме, на якім грэкі павінны выказаць незадавальненьне альбо падтрымаць эканамічную палітыку яго кабінэту. Яго словы выклікалі новы рэзкі абвал індэксаў на ўсіх сусьветных біржах. Аналітыкі адзначаюць ланцуговую рэакцыю - крызіс у Грэцыі, які ўплывае на эўразону, пачаў ужо нэгатыўна дзейнічаць на ўсю сусьветную эканоміку.

У Канах большасьць эўрапейскіх лідэраў і палітыкаў зноў кажуць пра тое, што для Грэцыі не існуе іншага шляху выхаду з глыбокага крызісу, акрамя таго, што быў распрацаваны Эўрапейскім Зьвязам, і што на саміце "Групы дваццаці" ім трэба будзе пераканаць у гэтым прэм'ера Грэцыі. 2 лістапада канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі на напружаных перамовах з Георгіёсам Папандрэў ў Канах ясна заявілі, што Атэны не атрымаюць ніякай новай дапамогі да тых часоў, пакуль ня стануць вядомыя вынікі рэфэрэндуму.

Вось што адзначыў Нікаля Сарказі:

Нікаля Сарказі і Ангела Мэркель

Нікаля Сарказі і Ангела Мэркель

- Па вялікім рахунку, усім ясна, што на парадку дня стаіць пытаньне пра будучыню знаходжаньня Грэцыі ў аб'яднанай Эўропе. Зьбіраецца Грэцыя заставацца ў зоне эўра ці не? Мы спадзяемся на станоўчы адказ, вельмі шчыра спадзяемся, і мы прыкладзем да гэтага ўсе магчымыя намаганьні, - падкрэсьліў Нікаля Сарказі.

Канцлер Ангела Мэркель на экстранай прэс-канфэрэнцыі падкрэсьліла, што прытрымліваецца такога ж погляду на праблему, аднак лічыць прыярытэтнай задачай выратаваньне адзінай эўрапейскай валюты, а не насельніцтва Грэцыі:

- Шосты транш плянаванай фінансавай дапамогі Грэцыі можа быць вылучаны толькі ў выпадку, калі яна цалкам прыме абвешчаныя ўмовы, і, акрамя таго, калі зьнікнуць усе сумненьні, якія зьявіліся пасьля аб'явы аб правядзеньні ў Грэцыі рэфэрэндуму, гэта значыць калі на гэтым рэфэрэндуме будуць дадзены станоўчы адказ ў дачыненьні да эўра, - заявіла Ангела Мэркель.



Адначасова прэм'ер-міністар Люксэмбургу Жан-Клод Юнкер, які ўзначальвае цяпер нараду міністраў фінансаў краін эўразоны, заявіў, што ўжо цяпер пачалася распрацоўка магчымых плянаў дзеяньняў у выпадку, калі Грэцыя абвесьціць аб выхадзе з эўразоны.

На саміце ў Канах, зразумела, будуць абмяркоўвацца ня толькі эканамічныя праблемы Грэцыі і эўразоны, але і агульны стан сусьветных рынкаў і фінансавай сыстэмы, якія па-ранейшаму пакутуюць ад стагнацыі. Адзін з самых галоўных удзельнікаў перамоваў, прэзыдэнт ЗША Барак Абама, адразу пасьля прылёту ў Францыю сустрэўся з францускім прэзыдэнтам. Калі судзіць па тым, што сказаў Абама пасьля гутаркі з Нікаля Сарказі, бюджэтны крызіс у Грэцыі і яго ўплыў на эканомікі ЭЗ - тэма нумар адзін і для ЗША:

- Думаю, што ні для каго не будзе сюрпрызам, што вялікую частку перамоваў мы прысьвецім праблеме аздараўленьня глябальнай эканомікі, што пашырыла б магчымасьці стварэньня новых працоўных месцаў і стабілізавала фінансавыя рынкі па ўсім сьвеце. І самы галоўны аспэкт гэтай задачы - вырашэньне фінансавага крызісу ў Эўропе. На сустрэчы лідэраў "вялікай дваццаткі" мы маем намер распрацаваць усе дэталі рэалізацыі пляна па ўрэгуляваньні эўрапейскага фінансавага крызісу. І мы таксама абмяркуем сытуацыю ў Грэцыі і шляхі вырашэньня яе канкрэтнага крызісу, - сказаў Барак Абама.

У суседнім з Канамі горадзе Ніца літаральна напярэдадні саміту "групы дваццаці" прайшла шматтысячная маніфэстацыя, арганізаваная левымі актывістамі і антыглябалістамі.
XS
SM
MD
LG