Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня кіраўніцтва беларускага ўраду разгледзела праект бюджэту краіны і макрапрагноз на 2012 год. Адметнасьць новых дакумэнтаў у тым, што Міністэрства эканомікі прагназуе рост валавога ўнутранага прадукту толькі на 1–1,5%, а ня 10%, як было ў мінулыя гады. Інфляцыю ў наступным годзе хочуць зьменшыць да 19%. Сёлета ж яна можа перавысіць 100%.

Экспэрты, зь якімі сёньня давялося размаўляць, пагаджаюцца зь меркаваньнем: калі прапанаваныя лічбы застануцца і ў выніковых дакумэнтах, то гэта будзе азначаць перагляд усёй макраэканамічнай палітыкі ў наступным годзе. Яе вынікам могуць стаць значныя зьмяншэньні ВУП і крэдытаваньня гаспадаркі, лічыць эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін
«І гэта сьведчыць пра тое, што ва ўрадзе ёсьць рэалісты, а ня толькі летуценьнікі. Калі ўрад і Нацыянальны банк сапраўды будуць праводзіць жорсткую фіскальна-манэтарную палітыку, то на вялікі рост ВУП спадзявацца не даводзіцца. Ня будзе крэдытаў — ня будзе і росту».

На крэдытах у Беларусі трымаецца амаль уся вытворчасьць, канстатуе Леў Марголін. Асабліва «пражэрлівыя» — аграрны комплекс і будаўніцтва. На наступны год яны патрабуюць 36 трыльёнаў рублёў. Пакуль улады пагаджаюцца на аб’ём сродкаў утрая меншы. Аднак невядома, як стане паводзіць сябе ўрад, калі на яго пачнуць ціснуць усялякія лабісты і прэзыдэнцкая адміністрацыя, — адзначае спадар Марголін:

«Урад усё-ткі стараецца неяк утаймаваць інфляцыю. А гэта можна зрабіць, калі толькі не ўкідаць пустыя грошы ў эканоміку. Але ж ад ураду будуць патрабаваць грошай, будуць прабіваць крэдыты. Найцяжэй будзе супраціўляцца сельскай гаспадарцы. І тое, як стане паводзіць сябе ўрад, і пакажа — хто пераможа і якім шляхам будзе разьвівацца наша гаспадарка ў наступным годзе».

Леанід Заіка
Зьвяртаць увагу на тэндэнцыі, а не на лічбы, раіць кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Што тычыцца макраэканамічнага прагназаваньня, то наўрад ці мы ў наступным годзе выйдзем з 30–50% інфляцыі, наўрад ці можна казаць, што будзе хоць нейкі рост ВУП. У нас усе паказьнікі скажоныя. У Беларусі нельга казаць пра сур’ёзнае вымярэньне парамэтраў. Гэта, хутчэй, нейкая спэцыфічная гульня. Ну, быў жа ў нас бюджэт на 2011 год. Там усё прыгожа выглядала».

Звычайнаму чалавеку паказьнік ВУП нічога ня кажа, у адрозьненьне ад росту інфляцыі, якая б’е па ягонай кішэні, кажа Леў Марголін:

«19% інфляцыі — гэта той ровень, да якога беларусы ўжо прызвычаіліся. Таму што большую частку часу пры Лукашэнку мы жылі ў памерах ад 10 да 20%. І, мабыць, урад лічыць, што такую інфляцыю народ зможа перажыць безь вялікіх праблем».
XS
SM
MD
LG