Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бярозаўка: шкодную вытворчасьць разьмесьцяць у цэнтры гораду


Больш за тысячу жыхароў Бярозаўкі Лідзкага раёну падпісаліся пад патрабаваньнем да дэпутатаў усіх узроўняў — правесьці экспэртызу, каб ацаніць узьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе цэху па вытворчасьці шклаваты, які пачалі будаваць на тэрыторыі шклозавода «Нёман».

Цэх па вытворчасьці шклаваты будуецца на тэрыторыі шклозаводу «Нёман».

Жыхароў Бярозаўкі турбуе тое, што яго зьбіраюцца разьмясьціць у цэнтры гораду. У вытворчасьці будуць выкарыстоўвацца розныя хімічныя складнікі, а кіраўніцтва заводу нават не патлумачыла жыхарам, як гэта можа адбіцца на здароўі людзей.

Вось што кажуць мясцовыя жыхары наконт таго, чаму яны вырашылі падпісацца пад зваротам да дэпутатаў.

Першы спадар: «Людзі баяцца рэальна, што гэта будзе… Там нават па дадзеных зь іхнага сайту відаць, што ў суткі будзе выкарыстоўвацца 8 тон хімічных рэчываў: фармальдэгід, фэнолы — уся гэтая трасца, прычым у цэнтры гораду. У нас, жыхароў гораду, няма ніякай інфармацыі, мы стаім перад фактам».
Там нават па дадзеных зь іхнага сайту відаць, што ў суткі будзе выкарыстоўвацца 8 тон хімічных рэчываў: фармальдэгід, фэнолы — уся гэтая трасца, прычым у цэнтры гораду.

Другі спадар: «У нашым горадзе экалёгія і так дрэнная з-за таго, што ўжо стаіць шклозавод, а тут яшчэ ў яго цэнтры будуюць гэты цэх. Нагадаю, што ён будзе месьціцца ў непасрэднай блізасьці ад школы, дзіцячага садку, а цераз дарогу стаяць жылыя дамы».

Намесьнік старшыні Бярозаўскага гарсавету Сяргей Кулеш пацьвердзіў, што ліст з подпісамі жыхароў атрыманы і мясцовыя дэпутаты накіравалі адпаведны запыт да кіраўніцтва шклозаводу. Сам ён сьцьвярджае, што пры праектаваньні гэтага цэху ўлічаныя ўсе нормы ўзьдзеяньня на экалёгію.

У мяне ўзьнікла пытаньне — чаму пра гэта ня ведаюць жыхары Бярозаўкі? Спадар Кулеш прызнаў, што, магчыма, тут недапрацавалі:

«Былі артыкулы ў газэтах, выступы па тэлебачаньні — усё было. Але калі недастаткова, калі ёсьць патрэба — калі ласка, гэта ж не дзяржаўная таямніца: арганізуем, правядзем, зробім…»

Юрыст грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Рыгор Фёдараў патлумачыў «Свабодзе», што сёлета ў заканадаўства былі ўнесеныя зьмены, якія яўна не спрыяюць удзелу грамадзкасьці ў абмеркаваньні падобных праектаў.

Зь яго слоў, раней абвяшчаліся грамадзкія слуханьні і абмяркоўваўся праект, а зараз тыя, хто праектуе, павінны празь мясцовыя СМІ альбо інтэрнэт паведаміць, што яны пачынаюць грамадзкія слуханьні, і сказаць, дзе зьмешчаны гэты праект. Зацікаўленым грамадзянам даецца толькі 10 дзён, на працягу якіх яны павінны заявіць пра намеры абмеркаваньня гэтага праекту.

Фёдараў: «Працэдура грамадзкага абмеркаваньня нібыта больш канкрэтызавалася, але практычна інфармацыя пра гэтыя абмеркаваньні стала менш даступная для грамадзкасьці, і таму грамадзкасьць мае ўсе шанцы папросту прапусьціць адведзены тэрмін. І выходзіць, што грамадзкасьць нібыта не цікавіцца гэтым».
Разгарнуць на ўвесь экран
XS
SM
MD
LG