Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цьмяныя пэрспэктывы ўступленьня ва ЎГА


Беларусь актывізуе працэс далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, — заявіў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных. Аднак экспэрты сумняваюцца ў магчымасьці ўступленьня краіны ў гэтую міжнародную арганізацыю.

"Мы, натуральна, робім намаганьні, каб актывізаваць перамовы пра ўступленьне Рэспублікі Беларусь ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, — паведаміў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных. — Кансультацыі ідуць дастаткова актыўна. Самае галоўнае, што мы робім гэтую працу сынхранізавана з нашымі партнэрамі па Мытным саюзе".

Скептычна ставіцца да гэтай заявы кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка:

"Кіргізстан ужо ва ЎГА, Малдова — таксама, і Грузія там. А Беларусь там ня будзе да таго часу, пакуль ЗША і ЭЗ будуць лічыць яе аўтарытарнай, недэмакратычнай краінай. І другое: якім можа быць далучэньне ў нейкай кампаніі?! Ва ЎГА — індывідуальнае сяброўства".

Беларускія ўлады некалькі разоў зьмянялі сваю пазыцыю па праблеме далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Спачатку яны заяўлялі, што зробяць гэта разам з Расеяй у рамках так званай саюзнай дзяржавы, потым — самастойна, і ўрэшце — разам з Расеяй і Казахстанам у рамках Мытнага саюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG