Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хутка яны забароняць нам нават дыхаць…»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

На працягу некалькіх мінулых тыдняў мы шмат расказвалі пра тое, як улада ў тэрміновым парадку спрабуе кардынальным чынам перарабіць заканадаўства, якое датычыць паўнамоцтваў спэцслужбаў і міліцыі, а таксама дзейнасьці грамадзкіх і апазыцыйных арганізацый. Калі папраўкі ў законы пачнуць дзейнічаць, то грамадзкія пратэсты ў краіне будуць фактычна забаронены; атрыманьне замежнай дапамогі стане крымінальным злачынствам, а спэцслужбам будуць нададзены надзвычайныя, мала чым абмежаваныя паўнамоцтвы.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Іван Жалязьняк з Полацку піша:

«Хутка яны забароняць нам нават дыхаць… Цікава, чаму ж такі страх іх апанаваў, калі яны лічаць беларусаў быдлам, ня здатным на супраціў? А прычына ў тым, што крызіс нарастае. Хутка за даляр трэба будзе даваць 10 тысяч беларускіх „фанцікаў“. Незадаволены ўжо ня толькі просты люд, але і намэнклятура, і нават „сілавікі“.

Тое, што Лукашэнка сваімі папраўкамі ў законы надзяляе спэцслужбы надзвычайнай уладай, небясьпечна для яго самога. Напрыклад, „сілавікі“ цяпер могуць досыць спакойна падрыхтаваць путч. Гэта — па-першае. А па-другое, у крытычны момант сам народ, які ўлады давядуць сваім гвалтам і рабаўніцтвам да адчаю, проста паўстане. Вы скажаце, што гэта фантастыка? А хто мог яшчэ год таму ўявіць, што самы бязьлітасны дыктатар Афрыкі Кадафі будзе хавацца ад уласнага народу ў каналізацыйнай трубе і скончыць сваё жыцьцё як бадзяжны сабака? Хто мог уявіць, што даляр у Беларусі за некалькі месяцаў падаражэе ў тры разы? А ці многія верылі, што Лукашэнка ўжо сёлета выпусьціць з турмы значную частку палітвязьняў?

Сваімі пасьпешлівымі пераробкамі законаў улада паказвае ўсю праўду пра стан беларускай эканомікі і пра сваю сапраўдную сутнасьць. Валадар набліжае пачатак грамадзянскага канфлікту — замест таго каб пачынаць насьпелыя рэформы. На шчасьце, усходні сусед не дазволіць аўтарытарнаму правіцелю празьмерна закручваць гайкі. І гэта апазыцыя павінна скарыстаць».

Тое, што ўсходні сусед не дазваляе Лукашэнку заціскаць гайкі, — спрэчнае сьцьвярджэньне, спадар Іван. Цяперашнія расейскія лідэры самі ня лічацца ўзорамі дэмакратыі, і гэтаксама ж яны непераборлівыя да маральнага аблічча сваіх саюзьнікаў. Аляксандар Лукашэнка на працягу ўсіх 17-ці гадоў свайго прэзыдэнцтва мала азіраўся на Маскву, разганяючы Вярхоўны Савет, шматкроць перапісваючы «пад сябе» Канстытуцыю, нішчачы незалежную прэсу і кідаючы ў турмы сваіх палітычных канкурэнтаў. Што праўда: вокрыкі і павучаньні з Масквы час ад часу гучалі, але не сказаць, каб Лукашэнка ў адказ выцягваўся ў струнку і хуценька кідаўся выконваць загады. Найчасьцей — агрызаўся і ўсяляк марудзіў з выкананьнем нават тых абяцаньняў, якія сам жа даваў.

Праўда, апошнім часам ён стаў значна больш згаворлівым у адносінах з Масквой, але вымушаюць яго да гэтага зусім не крамлёўскія кіраўнікі, а — катастрафічны стан беларускай эканомікі і фінансаў, які без расейскіх мільярдаў пагражае так званаму «беларускаму эканамічнаму цуду» поўным крахам — з адпаведнымі палітычнымі наступствамі для аўтара і выканаўцы гэтага «цуду».


Пра лёс сваёй малой радзімы, пра занядбанасьць і асуджанасьць вёскі, якая ня трапіла ў лік аграгарадкоў, разважае ў лісьце на «Свабоду» Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну:

«У гэтым годзе за нейкія тры месяцы адышлі на той сьвет з маёй вёскі, у якой усяго крыху болей за паўсотні жыхароў, ажно дзесяць аднавяскоўцаў… Такіх тэмпаў раней не было. Ці ня знак гэта? Бо так проста, бяз дай прычыны, народ ня сыплецца, як гарох…

Выміраюць, як паказвае жыцьцё, і ад гарэлкі, і ад занядбанай ушчэнт мэдыцыны, але, як на маю думку, — і ад разьяднанасьці душаў, ад заняпаду нацыянальных пачуцьцяў, якія многім мо нават і не знаёмыя зусім, бо ўсё жыцьцё пайшло на выжываньне… А каб жылося і неяк лёгка хадзілася, каб веку было даўжэй, ці ня час рабіцца беларусамі?

Калі мы ўжо наважымся сябе паважаць?

На будучыню ня надта шмат надзеі. Вывозяць зь вёскі апошняе. Цяпер вось — лес і нават будынкі, якія з паморку гэтага нібыта і не патрэбныя ўжо вёсцы — як тыя ж клюб, школа, пякарня, амбуляторыя. А што ўзамен? Пруць і пруць на вёску толькі таннае „чарніла“ — глытайце хутчэй, труціцеся. Залілі ім усё — ужо і людзей у нас няма, каб выпіць столькі. Грэшна гэта і наўрад ці пойдзе раскрадальнікам на карысьць. Людзей зьнявечыў сталінізм сваім лесапавалам, а цяпер вось дабівае новы час — п’янствам бясконцым…».

Такіх вёсак у Беларусі — тысячы. Іх не паказваюць па тэлебачаньні, празь іх ніколі не пралягае маршрут прэзыдэнцкага картэжу, іх назваў няма ў плянах дарожнага будаўніцтва і газыфікацыі, на іх увогуле не выдаткоўваюць грошай зь дзяржаўнага бюджэту: пакрысе зачыняюць апошнія грамадзкія ўстановы, ня надта зважаючы на тое, дзе будуць лячыцца гэтыя старыя спрацаваныя людзі, як яны будуць дабірацца да райцэнтру, хто ім будзе прыносіць пошту… Такое ўражаньне, што іх увогуле выкрасьлілі з рэальнасьці, каб не мазолілі вачэй, не раздражнялі сваёй занядбанасьцю і асуджанасьцю… Калі бываеш у такой вёсцы, не пакідае адчуваньне вінаватасьці і няёмкасьці. А яшчэ — адразу разумееш сапраўдную цану прапагандысцкай пахвальбы пра так званы «росквіт беларускай вёскі» і «эканамічныя посьпехі айчыннай сельскай гаспадаркі».


Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Ушачаў зьвярнуў увагу на нядаўнюю прэсавую канфэрэнцыю новай старшыні Нацбанку Надзеі Ермаковай — у прыватнасьці, на тую яе частку, дзе спадарыня Ермакова заявіла, што на крэдыт МВФ Беларусі ня варта надта разьлічваць, бо ня вырашана пытаньне з палітзьняволенымі, якія, маўляў, «ня хочуць выходзіць з турмы». Слухач з гэтай нагоды піша:

«І мне зрабілася вельмі сорамна за старшыню Нацыянальнага банку, якая, пэўна, забылася, дзе яна знаходзіцца. Я разумею, што спадарыня Ермакова глядзіць у рот нашаму ўсенароднаабранаму і паўтарае ўсё, што кажа ён. Але лепей бы ўжо яна проста прамаўчала: не было б такой ганьбы для яе. Такую, прабачце за выраз, „лапшу“ можна вешаць на вушы неадукаваным вясковым бабулькам праз „Гебэльс-ТВ“, як назвала БТ Сьвятлана Калінкіна, а ня тузіну замежных тэлеканалаў.

Я паспрабаваў намаляваць карціну, як спадарыня Ермакова ўяўляе сабе сам мэханізм гэтай унікальнай зьявы — „ня хочуць выходзіць з турмы“.

…З бразгатам адчыняюцца дзьверы камэры, дзе сядзіць, напрыклад, Андрэй Саньнікаў. Паміж Саньнікавым і ахоўнікам адбываецца прыкладна такі дыялёг.

— Саньнікаў! З рэчамі на выхад!

— Куды мяне ізноў? У Глыбокае, ці, можа, Бабруйск?

— Ды не, спадар Саньнікаў, вас вызваляюць.

— Як гэта вызваляюць? Па якім такім праве? Не хачу вызваляцца, хачу сядзець у турме ўсё жыцьцё!

— Не паложана! Зьбірайце манаткі і хутчэй на выхад!

— Як гэта не паложана? Я тут сядзеў і буду сядзець! Ня маеце права мяне вызваляць без маёй згоды! Я прэзыдэнту буду скардзіцца, я да Брусэля дайду, я ў камісію ААН па правах чалавека пісаць буду! Бязладзьдзе нейкае, у турме пасядзець спакойна не даюць!..

Вы, паважанае спадарства, можаце сабе такое ўявіць? Я нешта зь цяжкасьцю, не атрымліваецца нешта. А вось спадарыня Ермакова можа, і лёгка.

Не, тут камусьці відавочна трэба наведаць псыхіятра…»,

— такую выснову робіць у сваім лісьце на «Свабоду» Кастусь Сырэль зь мястэчка Ўшачы, што пад Полацкам. А ў прыпісцы адзначае:

«Я, канечне, добра ведаю, што патрабуюць ад палітзьняволеных улады дзеля іх вызваленьня. Але ж спадарыня Ермакова пра гэта ня кажа ні слоўца, таму вось і атрымаўся такі крыху іранічны ліст…»

Аўтарства выразу пра тое, што палітзьняволеныя «ня хочуць выходзіць з турмы», належыць, як вядома, не Надзеі Ермаковай, спадар Кастусь. Кіраўніца Нацбанку проста добрасумленна паўтарыла гэту славутую фразу, не падаючы ніякіх падрабязнасьцяў і тлумачэньняў. Дый што яна магла патлумачыць ці ўдакладніць? Расказаць пра тое, як ад палітвязьняў вымагаюць прызнаньня віны і пакаяньня?

Вядома, для неабазнанай заходняй публікі сьцьвярджэньне пра палітвязьняў, якія адмаўляюцца пакідаць беларускія турмы, гучыць дзікавата і абсурдна. А вось у Беларусі ўсё для ўсіх зразумела і без тлумачэньняў. І на рэнамэ спадарыні Ермаковай гэта наўрад ці якім чынам адаб’ецца. Ніякіх самастойных ацэнак праблемы палітвязьняў ніхто ад яе не чакаў і не чакае.


На заканчэньне — кароткі ліст ад Натальлі Паляшук зь вёскі Глінянка Кобрынскага раёну. Слухачка выказвае свае прапановы ўдзельнікам мірных акцыяў пратэсту. Яна піша:

«Я вельмі засмучаная тым, што ўдзельнікаў маўклівых акцыяў пратэсту хапаюць на вуліцы, арыштоўваюць ні за што, судзяць. Доўга думала над гэтым — і ўзьнікла такая ідэя. А што, калі ўдзельнікам акцыі надзяваць на твары мэдычныя маскі — такія, якімі карыстаюцца падчас эпідэміі грыпу? А каб быў бачны палітычны падтэкст, прышпільваць на маску невялікую эмблему з нацыянальнай сымболікай. У лістападзе, калі да ўсеагульнай галечы дабавіцца яшчэ і грып, гэта будзе зусім актуальна. І міліцыянты не павінны чапляцца: а можа, гэтак моладзь ратуецца ад эпідэміі? Закон жа не парушаны. Затое ўсе ўбачаць, колькі ў нас незадаволеных».

А людзі, якія моўчкі стаяць на плошчы, хіба парушаюць чым-небудзь грамадзкі парадак, каму-небудзь замінаюць? Але ж удзельнікаў маўклівых пратэстаў хапалі і запіхвалі ў міліцэйскія варанкі толькі за маўчаньне, ня надта азіраючыся на закон… Думаю, спадарыня Натальля, грамадзкія актывісты наўрад ці скарыстаюць вашу параду. Маска, ды яшчэ з нацыянальнай эмблемай, — выдатная мішэнь для міліцыянтаў ды агентаў спэцслужбаў. Няма патрэбы нават разьбірацца, дзе тут «маўчуны» выпадковыя, а дзе — сьвядомыя…

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG