Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі і кітайскі бізнэс дае найбольш хабару за мяжой


Кітайскія і расейскія фірмы аказаліся найгоршымі ў новым індэксе «давальнікаў хабару», складзеным Transparency International.

Transparency International (антыкарупцыйная арганізацыя, якая мае штаб-кватэру ў Бэрліне), уключыла ў свой сьпіс 28 найбуйнейшых краінаў, у тым ліку і краіны G-20. Расея і Кітай займаюць самыя нізкія месцы ў рэйтынгу, адпаведна 28-е і 27-е. Галяндцы, швэйцарцы, бэльгійцы, немцы і японцы маюць найлепшыя адзнакі. Вялікабрытанія і ЗША займаюць восьмае і дзявятае месцы. Рэйтынг вызначаўся з дапамогай апытаньня больш як трох тысяч кіраўнікоў кампаній, што займаюцца інвэстыцыямі за мяжой і экспартам, на тэму – як часта ад іх вымагаюць хабар.

Складальнікі рэйтынгу адзначаюць, што ніводную з дасьледаваных краінаў нельга назваць цалкам «чыстай» ад карупцыі. Мала якія зь іх зрабілі значны прагрэс у параўнаньні зь мінулым рэйтынгам 2008 году.

У сваім камэнтары Transparency International выказвае асаблівую заклапочанасьць тым, што Расея і Кітай аказаліся на найгоршых месцах пры тым, што яны адначасова пашыраюць сваю прысутнасьць у глябальным бізнэсе: напрыклад, Расея – у нафта-газавай галіне, Кітай – праз рост інвэстыцый у разьвіцьцё інфрастуктуры ці горназдабычу ў Афрыцы. Паводле дакладу, найбольш спажыўнай глебай для карупцыі зьяўляюцца сфэры дзяржзаказаў, асабліва ў будаўніцтве, камунальныя службы, апэрацыі зь нерухомасьцю.

Раней карэспандэнты «Свабоды» прыводзілі ў сваіх дасьледаваньнях мноства фактаў пра яўныя прэфэрэнцыі, дадзеныя ў Беларусі некаторым расейскім фірмам. У прыватнасьці пра тое, што найбольш прывабныя кавалкі будаўнічага бізнэсу ў беларускай сталіцы заняла маскоўская фірма Алены Батурынай. Яе ж фірма «Інтэко» атрымала прыярытэтнае права на пераабсталяваньне плястыкавымі сядушкамі спартовых арэнаў. Былы спартовы тэлекамэнтатар Уладзімер Даўжэнка кажа, што дзеля гэтага ва Ўзьдзе быў нават зачынены завод, які выпускаў аналягічную прадукцыю — прычым, удвая таньней. Расея прэтэндуе на будаўніцтва першай атамнай станцыі ў Беларусі, а кітайцы ўжо ўзводзяць «Чайна-таўн» у Крычаве.

Transparency International зьвяртае ўвагу, што новае расейскае заканадаўства забараняе подкуп замежных службовых асоб. Гэтаксама Кітай сёлета пашырыў сваё антыкарупцыйнае заканадаўства на фірмы, якія працуюць за мяжой і на замежныя кампаніі ў Кітаі. Гэта важныя крокі, якія, аднак, могуць быць недастатковымі. Transparency International заклікае краіны ратыфікаваць канвэнцыі пра барацьбу з карупцыяй пад эгідай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця і Эўрапейскага Зьвязу.
XS
SM
MD
LG