Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэзыдэнт Бундэстагу: «Усё накіравана на тое, каб проста зганьбаваць «Вясну»


Катрын Гёрынг-Экарт

Катрын Гёрынг-Экарт

Пра гэта сёньня ў сувязі з пачаткам працэсу над лідэрам праваабарончага цэнтру «Вясна», палітвязьнем Алесем Бяляцкім заявіла ў інтэрвію нямецкаму радыё «Deutschlandfunk» віцэ-прэзыдэнт Бундэстагу, прадстаўніца партыі нямецкіх зялёных Катрын Гёрынг-Экарт.

Палітык, якая да таго ж у рамках праваабарончай кампаніі «Libereco — Partnership for Human Rights» выступае як шэф або апякун палітвязьня Бяляцкага, назвала выстаўленае яму афіцыйнае абвінавачваньне (ухіленьне ад сплаты падаткаў) «абсалютна абсурдным» і заклікала ЭЗ да аднастайнага падыходу ў дачыненьні да Лукашэнкі. Яна ня выключыла таксама ўвядзеньня эканамічных санкцыяў у выпадку, калі іншыя захады не прынясуць плёну.

Паводле ўражаньня Катрын Гёрынг-Экарт, у Беларусі няма незалежнай юстыцыі, і гэты «ініцыяваны Лукашэнкам працэс» мае на мэце яшчэ больш раздрабіць апазыцыю і адначасна ўмацаваць рэжым. Нямецкая «зялёная» таксама адзначыла, што як апякун Алеся Бяляцкага яна ўжо даслала ліст на адрас беларускага прэзыдэнта з патрабаваньнем неадкладна вызваліць палітвязьня і што будзе ўважліва адсочваць сытуацыю са зьняволеньнем свайго «падшэфнага» і рабіць яе здабыткам галоснасьці. Зразумела, рэакцыі на гэты ліст не паступіла аніякай.

«Судовы працэс над Бяляцкім стаў магчымы не без „дапамогі“ рэжыму з боку польскіх і літоўскіх уладаў», адзначае журналіст Deutschlandfunk і просіць суразмоўцу выказаць сваю думку наконт гэтага.
Я за эканамічныя санкцыі. Калі мы не прасунемся ў іншых пазыцыях, то цалкам магчыма, што Нямеччына мусіць узяць на сябе вядучую ролю ў гэтым пытаньні, у тым ліку ўнутры ЭЗ.

«Зразумела, нам неадкладна патрэбныя адзіныя падыходы ЭЗ у такіх момантах. Немагчыма, каб інфармацыя (пра банкаўскія рахункі) перадавалася рэжыму з тым, каб потым зганьбаваць праваабарончую арганізацыю і яе кіраўніка, — кажа спн. Гёрынг-Экарт. — Сама я лічу, што перадача такіх дадзеных можа выклікаць вялікія праблемы. Нямеччына катэгарычна гэтага не рабіла. У адказ на запыт Марылюізы Бэк да фэдэральнага міністра замежных спраў была праведзеная падрабязная праверка. Яна паказала, што Нямеччына не выдавала дадзеных. Нам патрэбная адладжаная сумесная зьнешняя палітыка ЭЗ, каб іншыя 11 беларускіх палітвязьняў, якія арыштаваныя з аналягічных матываў, ня мелі падобных цяжкасьцяў. І я спадзяюся, што такой перадачы дадзеных больш ня здарыцца».

На просьбу «Deutschlandfunk» патлумачыць, чаму адначасна з санкцыямі ЭЗ супраць Беларусі і візавымі абмежаваньнямі ў дачыненьні да прадстаўнікоў рэжыму квітнее гандаль паміж Беларусьсю і Нямеччынай, віцэ-прэзыдэнт Бундэстагу выказваецца наступным чынам:

«З аднаго боку, ня трэба цалкам разбураць стасункі… Зь іншага ж боку, трэба сачыць за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. У цяперашніх умовах заставацца ў Беларусі таксама азначае мець магчымасьць назіраць і даводзіць да ведама, што гандлёвыя стасункі не даюцца проста так, што можа быць разгледжана магчымасьць іх скарачэньня».

«Я за эканамічныя санкцыі, — дадае віцэ-прэзыдэнт Бундэстагу Катрын Гёрынг-Экарт. — Калі мы не прасунемся ў іншых пазыцыях, то цалкам магчыма, што Нямеччына мусіць узяць на сябе вядучую ролю ў гэтым пытаньні, у тым ліку ўнутры ЭЗ. Бо інакш мы не прасунемся далей, калі здараюцца такія рэчы, а іншыя краіны адыходзяць убок».
XS
SM
MD
LG