Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкі зьбяднелі і просяць дазволу на далярызацыю капіталу


Дзьве дэвальвацыі беларускага рубля, якія адбыліся цягам паўгода, прывялі да таго, што шэраг камэрцыйных банкаў перастаў адпавядаць патрабаваньням Нацыянальнага банку па паказьніку «дапушчальнай рызыкі». Як вынік — прыпыненьне асобнымі банкамі крэдытаваньня ажно да згортваньня ўжо адкрытых крэдытных ліній.

Чарговая, больш чым 50-працэнтная дэвальвацыя рубля абвастрыла праблемы банкаўскага сэктару. З абвяшчэньнем 20 кастрычніка выхаду на адзіны курс шмат якія банкі сталі ня здольныя забясьпечваць нормы абавязковых рэзэрваў, што можа прывесьці да пазбаўленьня ліцэнзіі на дзейнасьць. У вымушанай паўзе асобныя банкі нават прыпынілі працэдуру крэдытаваньня — сярод іх ня толькі дробныя ўстановы, але і такія буйныя гульцы на рынку, як «Белгазпрамбанк», банк «Масква-Менск» ды іншыя. Банкіры нават зьвярнуліся да кіраўніцтва Нацбанку з просьбай дазволіць фармаваць статутны фонд у замежнай валюце, каб хоць неяк падстрахавацца ва ўмовах няпэўнасьці, зьвязанай з пагрозай далейшага аслабленьня рубля.

Аднак, на перакананьне дырэктара Агенцтва дзелавых сувязяў Валянціна Лопана, крок да яшчэ большай далярызацыі эканомікі можа мець адваротны вынік і прывесьці да далейшага аслабленьня нацыянальнай валюты:

Валянцін Лопан
«Калі паставіць мэту, то наша нацыянальная валюта стабілізуецца гэтак жа, як ува ўсіх краінах. Паедзьце ў суседнюю Польшчу, і вам скажуць: якія даляры? Не, давайце злотыя! Людзі павінны лічыць усё — арэндную плату за кватэру, куплю дамоў, аўтамабіляў — у сваіх нацыянальных грашах. Тады гэта будзе паўнавартасная валюта. Калі так ня будзе адбывацца, у нас ня будзе нацыянальнай валюты. А будуць нейкія ўмоўныя нацыянальныя паперкі, якія існуюць дзеля таго, каб схадзіць у краму і купіць батон хлеба. Усё астатняе мы лічым у замежнай валюце. Гэта нонсэнс, у нас функцыі нацыянальных грошай не выконваюцца. У іх ніхто не зьберагае, у іх ня робяцца назапашваньні, яны нават як сродак плацяжу не выкарыстоўваюцца. Гэта проста ганебна, і якраз гэтую задачу трэба вырашаць. Менавіта такая павінна быць глябальная пазыцыя».

Аднак банкіры сьцьвярджаюць, што ўва ўмовах імклівага абясцэньваньня беларускага рубля банкам складана павялічваць свае статутныя фонды. Пра гэта гаворыцца і ў лісьце Асацыяцыі беларускіх банкаў на імя старшыні Нацбанку Надзеі Ермаковай: «Паглыбленьне дэвальвацыйных працэсаў вядзе да зьніжэньня капіталізацыі банкаў, абясцэньваньня ўнёскаў замежных інвэстараў у статутныя фонды і аказвае нэгатыўны ўплыў на ўзровень нарматываў дастатковасьці банкаўскага капіталу». У лісьце наўпрост напісана, што выкананьне абавязкаў на прадстаўленьне сродкаў па раней адкрытых крэдытных лініях пастаўлена пад пагрозу, у сувязі з чым банкі могуць адмовіцца ад удзелу ў завяршэньні шэрагу значных праектаў.

Між тым кіраўнік аднаго зь сярэдніх па аб’ёме абароту сталічных банкаў кажа, што кожная ўстанова сутыкнулася з праблемай зьніжэньня капіталізацыі ў рознай ступені. Але факт фінансавых цяжкасьцяў прызнае:

«Цяпер сытуацыя збольшага неакрэсьленая, і як яна ўрэшце павернецца — у дадзеным выпадку прагнозы будаваць вельмі складана. Таму я магу разважаць гэтак жа, як і вы, як усе грамадзяне нашай краіны — усё можа быць, усё можа здарыцца. Але абагульняць сытуацыю адносна ўсёй фінансавай сыстэмы было б няправільна. У кожнага банку свая сытуацыя — крыху горшая ці адносна лепшая. Аднак я не назваў бы ў адносінах да банкаў цяперашняе становішча паралічам. Прыкладам, наш банк нармальна функцыянуе, працуе і не зьмяншае сваіх абаротаў. І прагнозы ў пляне нашай дзейнасьці сёньня збольшага пазытыўныя. Гэта я кажу датычна перадусім свайго банку, нашага банку ў дадзенай сытуацыі. Але, безумоўна, у кожнага банку свая адметная сытуацыя».

Пры канцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся з кіраўніцтвам расейскага ВТБ-банку, прыгразіў навесьці парадак у банкаўскай сфэры, павярнуўшы банкі (перадусім з замежным капіталам) «тварам да дзяржавы». Ці азначае гэта, што кіраўнік краіны ня верыць банкірам, якія скардзяцца на беднасьць? Вось што мяркуе фінансавы кансультант Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
«Лічу, што гэта проста звычайная рыторыка, за якой нічога не стаіць. Заявы ні пра што. Вялася размова з кіраўніцтвам ВТБ-банку, і рэвэрансам было сказана: вось ВТБ добры, астатнія дрэнныя, і мы зь імі нешта зробім — рынкавым спосабам кудысьці іх павернем. Карацей, глупства ўсялякае. Тым больш, у нас бальшыня банкаў з замежным капіталам, пачнеш „шарсьціць“ — усіх зачэпіш. Дый што такое — павярнуцца тварам да дзяржавы? Шчыра кажучы, надакучыла ўжо камэнтаваць выказваньні ні пра што. Яны, можа, і добра гучаць, дэманструюць, што зараз мы нешта тут зробім. Але скажыце нарэшце: што канкрэтна? Што хаваецца за фразай „павярнуць тварам“? Звычайная палітычная рыторыка, якая нічога ня вартая, затое выглядае прыстойна, як быццам у нас да гэтага часу нешта яшчэ кіруецца. Гэта пры тым, што банкам, наадварот, трэба даць нашмат большую свабоду ў дзеяньнях».

Экспэрты адзначаюць, што пры цяперашняй стаўцы рэфінансаваньня банкі перасталі выконваць адну са сваіх асноўных функцый — крэдытаваць суб’екты гаспадараньня і насельніцтва: выцягнуць 50% гадавых па пазыцы здолее далёка ня кожны. Між тым міжнародныя фінансавыя структуры настойваюць, каб Нацбанк паступова выраўноўваў гэты паказьнік з узроўнем інфляцыі, якая на канец кастрычніка склала 85%, а па выніках году наблізіцца да 120%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG