Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мяне вельмі ўразілі акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі»


Ірына Халіп

Ірына Халіп

1 лістапада на прэс-канфэрэнцыі ў Менску разам зь іншымі жонкамі палітвязьняў Ірына Халіп заявіла, што рэжым ня спыніцца перад фізычнай ліквідацыяй іх мужоў. З гэтай нагоды Ірына – госьць нашага радыё.

Абламейка: Раскажыце пра стан здароўя вашага мужа – кіраўніка кампаніі «Эўрапейская Беларусь», экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава. Мы ведаем, што ў яго была пашкоджаная нага, былі праблемы са страваваньнем.

Халіп: Ён трымаецца, гэта галоўнае. Але праблемы са здароўем ёсьць. Справа ў тым, што ў камэры, дзе ён зараз знаходзіцца, адносна цёпла толькі ўначы, бо ўдзень там адключаюць ацяпленьне. Акрамя гэтага на ўвесь дзень у яго пасьля пад'ёму адбіраюць целагрэйку. Там холадна і гэта не спрыяе нармальнаму стану здароўя. У яго былі праблемы з суставамі, са сьпінай, ён прайшоў курс ін'екцыяў. Цяпер, кажа, стала трошкі лягчэй. Да лекараў ён будзе зьвяртацца толькі ўжо пры абсалютнай неабходнасьці.

Абламейка: Сёньня на прэс-канфэрэнцыі вы заявілі, што рэжым ня спыніцца перад фізычнай ліквідацыяй зьняволеных палітыкаў. У прыватнасьці да вашага мужа пасадзілі ў камэру хворага на сухоты чалавека. У абывацеля можа паўстаць пытаньне – а ў чым праблема, дастаткова напісаць прашэньне аб памілаваньні, і Андрэя выпусьцяць. Ну, а мы ведаем, што ваш муж і іншыя вязьні якраз адмаўляюцца падпісваць такую паперу. Таму пытаньне – чаму для Андрэя і для іншых так важна не падпісаць прашэньня аб памілаваньні?

Халіп: Ой, вы ведаеце, я ўжо столькі разоў чула нават ад блізкіх сяброў: ну навошта ж так упарта сябе паводзіць, лепш было б падпісаць ды ісьці на волю і працаваць далей. Мне прыводзяць прыклады Эльчыбэя і Гамсахурдзіі, якія падпісалі ўсе гэтыя паперы і прашэньні, а потым усё роўна сталі прэзыдэнтамі. Але разумееце, як можна пісаць прашэньне аб памілаваньні? Па-першае, чалавек аўтаматычна прызнае ўласную віну. Па-другое, да каго зьвяртацца? Зьвяртацца можна да службовай асобы, а ў нас Аляксандар Лукашэнка не зьяўляецца законным кіраўніком дзяржавы. Я думаю, што падобнай пазыцыі трымаюцца і астатнія палітвязьні. Калі яны вырашылі, што для іх гэта немагчыма, трэба паважаць іхны выбар.

Абламейка: Ваш сёньняшні зварот на прэс-канфэрэнцыі... На што вы спадзеяцеся, на ціск Захаду?

Халіп: Націскаць трэба з усіх бакоў – і з Захаду і з Усходу. І мы таксама, самі беларусы павінны рабіць усё магчымае. Мяне вельмі ўразілі акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, якія прайшлі на мінулым тыдні. Гэта вельмі мужныя людзі, якія выйшлі на плошчу і пайшлі ў турму лічыце што добраахвотна, бо ведалі, чым гэта скончыцца. Але ж гэта пытаньне іхнай уласнай годнасьці.

Цалкам размову можна слухаць тут:

Гутарка з Ірынай Халіп 1 лістапада 2011 году

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG