Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым такімі мэтадамі спрабуе зламаць палітвязьняў»


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Чаму апошнімі днямі ўзмацніўся ціск на палітычных вязьняў, якія знаходзяцца за кратамі? Якое месца ў сцэнары ўлады займае працэс над Алесям Бяляцкім? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: 1 лістапада з супольным пратэстам супраць узмацненьня ціску на блізкіх выступілі жонкі і нявесты палітвязьняў. Быў момант, калі большасьці аналітыкаў здавалася, што яшчэ ўвосень у Беларусі не застанецца палітвязьняў, што ўлада вымушаная будзе іх вызваліць пад ціскам Захаду і абставінаў. Але зараз мы бачым, што ціск на Зьмітра Бандарэнку, Зьмітра Дашкевіча, Андрэя Саньнікава, Міколу Статкевіча ў месцах іх зьняволеньня нават павялічыўся. Чым гэта можна патлумачыць?

Чавусаў: Прычыны ціску розныя. Адна зь іх — банальная помста сёньняшняга кіраўніцтва тым палітыкам, якія кінулі выклік гэтаму рэжыму. Зь іншага боку, відавочна, што зараз гэты ціск аказваецца з мэтай вымусіць гэтых людзей пісаць лісты пакаяньня і прашэньні аб памілаваньні.

Той працэс нейкіх пачатковых перамоваў з Захадам, які быў распачаты ў выглядзе таемных кантактаў з баўгарскім міністрам замежных спраў, быў прыпынены. Ягоныя вынікі былі дэзавуяваныя з-за таго, што зьвесткі пра гэтыя перамовы трапілі да грамадзкасьці.
Рэжым не разглядае ніякіх іншых варыянтаў вызваленьня палітвязьняў, як толькі ў выпадку прызнаньня імі віны.

І зараз рэжым не разглядае ніякіх іншых варыянтаў вызваленьня палітвязьняў, як толькі ў выпадку прызнаньня імі віны. Паколькі яны трымаюцца цьвёрдай пазыцыі адносна сваёй невінаватасьці, рэжым такімі мэтадамі спрабуе іх зламаць.

Цыганкоў: 2 лістапада пачнецца працэс над лідэрам праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесем Бяляцкім. Якое месца гэты працэс займае ў сцэнары ўладаў?

Чавусаў: Беларусь незаўважна перайшла ад сытуацыі пасьлявыбарчага шоку пасьля 19 сьнежня ў сытуацыю жорсткага кансалідаванага аўтарытарнага рэжыму. Таму справа Бяляцкага павінна разглядацца па-за межамі «працэсаў Плошчы». Бо гэта ўжо справа, распачатая зьмененым палітычным рэжымам, які зачышчае грамадзянскую супольнасьць ня толькі празь ліквідацыю грамадзкіх аб’яднаньняў, але і праз стварэньне невыносных умоў для любой незалежнай ад улады грамадзкай дзейнасьці. Канкрэтна з выпадкам з Алесем Бяляцкім — гэта спроба праз ізаляцыю лідэра аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі зьменшыць маштабы яе дзейнасьці.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG