Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: абласную структуру руху «За свабоду» не зарэгістравалі


Аляксандар Сілкоў

Аляксандар Сілкоў

Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму адмовіла абласному аддзяленьню няўрадавай арганізацыі «Рух «За свабоду» ў пастаноўцы на рэгістрацыйны ўлік.

Падстава — недакладнасьці ў афармленьні дакумэнтаў. Заява на рэгістрацыю аддзяленьня ў лісьце, адрасаваным яе старшыні Аляксандру Сілкову, названая дакумэнтам, юрыдычна несапраўдным для дзяржаўнай рэгістрацыі структуры.

Паводле ўпраўленьня юстыцыі, заява запоўненая шрыфтам не таго памеру, няма згадкі, на які тэрмін абраныя старшыня і яго намесьнікі, а таксама не пазначаныя іх працоўныя тэлефоны.

Аляксандар Сілкоў заяўляе, што прычыны, каб ня ставіць аддзяленьне на ўлік, надуманыя і палітычна матываваныя:
Парадаксальная сытуацыя складаецца — рэспубліканскую арганізацыю зарэгістравалі, а вось паставіць на ўлік мясцовыя структуры немагчыма.

«У Беларусі наагул нічога нельга зарэгістраваць. Тыя прычыны, якія называюць чыноўнікі — яны не настолькі сур’ёзныя, каб адмаўляць у рэгістрацыі. Адмовілі ня толькі нам, але й берасьцейскай, гарадзенскай, менскай структурам. Там таксама выяўленыя падобныя ж „недакладнасьці“. Парадаксальная сытуацыя складаецца — рэспубліканскую арганізацыю зарэгістравалі, а вось паставіць на ўлік мясцовыя структуры немагчыма. Лёгіка ж падказвае, што дастаткова толькі прыйсьці й заявіць уладзе, што мы будзем дзейнічаць на вашай тэрыторыі — дык во так не атрымліваецца. Мы проста хочам пашырыць свае паўнамоцтвы — мы ж і так можам дзейнічаць у рэгіёне як агульнанацыянальная арганізацыя».

У лісьце з упраўленьня юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму пазначана, што яно гатовае разгледзець паўторную заяву на рэгістрацыю абласной структуры грамадзкага аб’яднаньня «Рух «За свабоду» ў вызначаным законам парадку. Тым ня менш, як сьцьвярджае Аляксандар Сілкоў, на бліжэйшым паседжаньні рады руху «За свабоду» будзе вырашана, ці варта дамагацца пастаноўкі на ўлік рэгіянальных структураў у судовым парадку.

Праваабарончае, асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне «Рух «За свабоду» дамагалася рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі некалькі год. Заснавальнікі падавалі рэгістрацыйныя дакумэнты чатыры разы. Аб’яднаньне зарэгістравалі ў 2008 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG