Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму растуць цэны?


З 1 лістапада зноў вырасьлі цэны на шмат якія тавары і паслугі. У чым прычына новага вітка інфляцыі? Ці ўдасца ўраду спыніць рост цэнаў? Якія сацыяльныя наступствы чарговага цэнавага скачка?

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытута прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

Аляксандар Чубрык
Леанід Злотнікаў
Валер Карбалевіч

У чым прычына новага вітка інфляцыі?


Валер Карбалевіч: «З пачаткам лістапада беларусаў чакае новы скачок цэнаў. Праезд у грамадзкім транспарце даражэе амаль на 40%, а ў прыгарадных аўтобусах — на 80%. Павысяцца цэны на праезд у маршрутных таксі. Вырасьлі цэны на электраэнэргію, алькаголь і тытунёвыя вырабы, бэнзін, лекі, мабільную сувязь. Абяцаюць павысіць кошты камунальных паслуг. Якія прычыны гэтага цэнавага скачка?»

Леанід Злотнікаў: «Прычына — рост грашовай масы ў абарачэньні. Таксама працягваецца выдзяленьне танных крэдытаў суб’ектам эканомікі. Адбываецца падвышэньне заробкаў і пэнсій. Хоць у краіне няма рэсурсаў, каб падвысіць узровень жыцьця. Таксама штуршком для цяперашняга скачка цэнаў стаў пераход да адзінага абменнага курсу рубля, чарговая дэвальвацыя».

Аляксандар Чубрык: «Тыя цэны, якія не рэгулююцца ўладамі, падвысіліся з пачатку году значна. Цяпер урад з 1 лістапада падвышае цэны на тавары і паслугі, якія рэгулююцца дзяржавай. Праўда, у найноўшай беларускай гісторыі адміністратыўна рэгуляваныя цэны расьлі хутчэй, чым сярэднія цэны ў краіне.

Але фундамэнтальная прычына інфляцыі — гэта мяккая грашовая палітыка Нацбанку. Цяпер зьявіліся прыкметы таго, што яна робіцца больш жорсткай. Гэта ўніфікацыя абменных курсаў рубля, пляны далейшага падвышэньня стаўкі рэфінансаваньня».

Ці ўдасца ўраду спыніць рост цэнаў?


Карбалевіч: «Якія пэрспэктывы інфляцыі? Магчыма, пасьля дэвальвацыі, пераходу да адзінага абменнага курсу рубля, які адносна стабілізаваўся, цэны спыняць свой рост. Вось урад абяцае наступным годам інфляцыю 19% за год. Ці рэальныя гэтыя пляны?»

Чубрык: «Усё рэальна, усё залежыць ад уладаў, ад іх грашовай і бюджэтнай палітыкі. 19% — гэтая лічба яшчэ не зацьверджаная афіцыйна. Гэта маецца на ўвазе інфляцыя на канец году, а не ў сярэднім за год.

Але дзеля таго, каб дасягнуць такога паказьніку, трэба, каб улады праводзілі вельмі жорсткую грашовую палітыку, якая дала б магчымасьць стабілізаваць абменны курс рубля на цяперашнім узроўні, прычым свабодны курс, без умяшаньня Нацбанку. Улады плянуюць наступным годам павышаць цэны на камунальныя паслугі. Пры такім жорсткім сцэнары гаворка пра падвышэньне заробкаў і пэнсій ісьці ня будзе.

Альтэрнатыўны сцэнар — гэта мяккая грашовая і бюджэтная палітыка. Пры такім варыянце інфляцыя будзе высокай. Каб падвысіць намінальныя грашовыя даходы насельніцтва, надрукуюць патрэбную колькасьць рублёў. Але яшчэ не было ніколі такога ў сьвеце, каб рэальныя даходы расьлі дзякуючы інфляцыі. Верагоднасьць рэалізацыі абодвух сцэнароў роўная».
Калі працоўныя пачнуць рашуча патрабаваць росту заробкаў, магчыма — з дапамогай страйкаў, то нікуды ўрад ня дзенецца, давядзецца яму друкаваць грошы і падвышаць намінальныя заробкі.

Злотнікаў: «Досьвед мінулых гадоў паказвае, што эканоміка разьвіваецца зусім ня так, як плянуе ўрад. Напрыклад, калі працоўныя пачнуць рашуча патрабаваць росту заробкаў, магчыма — з дапамогай страйкаў, то нікуды ўрад ня дзенецца, давядзецца яму друкаваць грошы і падвышаць намінальныя заробкі.

Другі варыянт — калі ўрад пойдзе на рынкавыя рэформы, на масавую прыватызацыю. Тады і вонкавыя крэдыты могуць паступіць. У гэтым выпадку можна чакаць, што курс даляра панізіцца і інфляцыя будзе блізкая да той, якую плянуе ўрад».

Якія сацыяльныя наступствы цэнавага скачка?


Карбалевіч: «Абодва мае суразмоўцы ўжо закранулі тэму сацыяльных наступстваў росту цэнаў. Якімі яны будуць? Афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыі шмат апавядаюць пра рост заробкаў, пэнсій. Ці кампэнсуюць яны рост цэнаў?»

Чубрык: «Сытуацыя цяпер такая, што які б сцэнар мы ні ўзялі, яны будуць мець кепскія сацыяльныя наступствы. Варыянт жорсткай грашовай палітыкі і рынкавых рэформаў прывядзе да таго, што спыніцца ці скароціцца дзяржаўная падтрымка неэфэктыўным прадпрыемствам. У выніку такія прадпрыемствы або проста спыняць працу, або будуць скарачэньні працаўнікоў, або адбудзецца зьмяншэньне заробкаў. У гэтым выпадку будуць цярпець толькі працаўнікі неэфэктыўных прадпрыемстваў.

Пры іншым варыянце, калі будзе праводзіцца мяккая грашовая палітыка і падтрымліваць неэфэктыўныя прадпрыемствы будуць за кошт інфляцыі, то рост цэнаў будзе зьядаць даходы ўсяго насельніцтва, якое атрымлівае заробкі і пэнсіі ў беларускіх рублях. Працоўныя калектывы праз страйкі, прафсаюзы і празь нейкія іншыя мэханізмы могуць дамагчыся росту заробкаў. Найбольш пацярпяць пэнсіянэры, у якіх такіх мэханізмаў няма.

Гэта патрабуе ад ураду хуткага рэфармаваньня сыстэмы сацыяльнай абароны. Пры першым варыянце зьявяцца людзі — напрыклад, беспрацоўныя, — якія запатрабуюць ад уладаў сацыяльнай падтрымкі. Ці то грашовай падтрымкі, ці то перакваліфікацыі. Пры другім варыянце вырасьце колькасьць бедных. Будзе запатрабаваная адрасная сацыяльная дапамога.

Пры абодвух варыянтах сацыяльныя выдаткі дзяржавы мусяць вырасьці. Пытаньне ў тым, адкуль для гэтага ўзяць грошай. Гэта выклік для ўладаў, гэта патрабуе ад іх хуткіх рашэньняў».

Злотнікаў: «Краіна раней спажывала больш, чым дазваляла эканоміка. А цяпер мы пачынаем жыць па сродках. Акрамя таго, трэба аддаваць пазыкі, дзякуючы якім мы жылі не па сродках. Сёлета ўжо вярнулі больш за 3 млрд даляраў доўгу. Таму за кошт экспарту скарачаецца ўнутранае спажываньне

Сытуацыя з дабрабытам можа палепшыцца толькі ў адным выпадку: калі правядзем рынкавыя рэформы. Грошы зьявяцца і ад прыватызацыі, і ад вонкавых крэдытаў, якія мы атрымаем у гэтым выпадку. Будзе больш эфэктыўнае выкарыстаньне рэсурсаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG