Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя ўцекачы адказваюць на заклік Лябедзькі вяртацца


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі, былы палітвязень Анатоль Лябедзька заклікаў палітычных уцекачоў Плошчы вярнуцца ў Беларусь.

«Час выяжджаць зь Беларусі і час вяртацца. Пасьля 19 сьнежня дзясяткі актывістаў аселі ў замежжы. Рызыкну заявіць, што амаль усім (выключэньні, вядома, ёсьць) прыйшоў час набыць квіток да Менску. Самы час, як паказвае прыклад Юры Карэтнікава. Так, улада, вядома, нагадзіць вяртанцам. Але па-дробнаму. На большае, як напрыклад, крымінальны перасьлед, кішка тонкая. Так што, калі вы ў стане вытрымаць псыхалягічны прэс КДБ, 10–15 сутак за «спраўленьне патрэбы ў неналежным месцы», то можна дапамагчы Радзіме на радзіме» – напісаў Лябедзька ў сваім Facebook.

Мы папрасілі некаторых з палітычных уцекачоў Плошчы пракамэнтаваць заклік палітыка.

Алесь Міхалевіч, былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, палітычны ўцякач у Чэхіі: Насамрэч цяжка вызначыць, ці будзе сур'ёзны перасьлед у выпадку вяртаньня. Я таксама лічу, што многія з тых, хто зьехаў, могуць патрошку вяртацца. Я ўпэўнены, што калі б мяне не арыштавалі ў ноч пасьля выбараў у маёй кватэры, то празь некалькі дзён я б ужо КДБ не цікавіў і ніхто б мяне не арыштоўваў. Гэта добрая тактыка – калі пачынаюцца масавыя арышты, адседзецца за мяжой і празь некаторы час вярнуцца. Я для сябе бачу варыянты вяртаньня, я вярнуся ў той момант, калі палічу, што гэта патрэбна. Але пакуль у мяне той жа статус, што і быў, я абвінавачаны ў крымінальнай справе.

У сувязі з тым, што я зьехаў зь Беларусі і такім чынам парушыў падпіску аб нявыезьдзе, было прынятае рашэньне аб зьмене для мяне меры стрыманьня на ўтрыманьне пад вартай у сьледчым ізалятары КДБ. Гэтае рашэньне было перададзенае чэскім уладам разам з паперамі на маю экстрадыцыю. Таму я пачакаю.

Натальля Радзіна, рэдактар сайту «Хартыя-97», палітычная ўцякачка ў Літве: Кожны выпадак індывідуальны. Я вельмі хачу вярнуцца, мне цяжка знаходзіцца ў эміграцыі. Але я ведаю, што як журналіст я змагу больш свабодна працаваць зь Вільні. Хаця па-чалавечы душа рвецца на радзіму.

Я лічу, што канкрэтна ў маёй сытуацыі калі я зараз апынуся ў Беларусі, я не змагу асьвятляць вялікую колькасьць тэмаў, і на сайце “Хартыі-97” адразу ж уключыцца самацэнзура. Пасьля кожнага артыкулу, які не спадабаецца ўладам, будуць выклікаць на допыты, распачынаць крымінальныя справы, рабіць ператрусы і канфіскацыі тэхнікі. І я магу зноў апынуцца ў турме. Увесь 2010 год і сёлетні год на прыкладзе сайта “Хартыі” паказалі, што можа быць с журналістам, калі ён не падабаецца ўладам. Таму для мяне асабіста іншага сцэнару, пакуль кіруе Лукашэнка, быць ня можа.

Што тычыцца палітычных дзеячоў, то ім трэба вырашаць, як і дзе больш эфэктыўна змагацца. Тут цяжка асуджаць кагосьці за любы выбар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG