Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У артыкуле, апублікаваным на сайце амэрыканскага аналітычнага цэнтру Stratfor, робіцца выснова, што мэта Расеі – у аднаўленьні кантролю над сваімі былымі тэрыторыямі і прадказваецца новая вэрсія «халоднай вайны».

Артыкул напісаны аналітыкам цэнтру Лорын Гудрыч. Вось некаторыя фрагмэнты:

Канчатковая мэта Расеі ў тым, каб аднавіць кантроль над большай часткай сваіх былых тэрыторый. Гэта непазьбежна верне Маскву і Вашынгтон назад да канфрантацыі, анулюючы якія-колечы спробы перазагрузкі, паколькі расейскае панаваньне на тэрыторыі Эўразіі зьяўляецца наўпроставай пагрозай здольнасьці ЗША захаваць свой глябальны ўплыў. Каб выжыць, гэтак Расея дзейнічала на працягу ўсёй сваёй гісторыі. Савецкі Саюз дзейнічаў падобна да таго, як дзейнічала раней расейская імпэрыя, і ў сёньняшняй Расеі такая ж мадэль паводзінаў. (...)

Пуцін заявіў у верасьні, што імкнецца стаць прэзыдэнтам Расеі ў 2012 годзе, і пачаў фармуляваць мэты для свайго новага панаваньня. Ён сказаў, што Расея аформіць свае адносіны з былымі савецкімі дзяржавамі праз стварэньне Эўразійскага саюзу; іншыя былыя савецкія рэспублікі прапанавалі гэтую канцэпцыю амаль дзесяць гадоў таму, але Расея толькі цяпер у змозе прыступіць да яе ажыцьцяўленьня. Расея пачне гэтае новае набліжэньне да расейскай імпэрыі, ствараючы саюз з былымі савецкімі рэспублікамі на аснове цяперашніх структур, такіх як Мытны саюз, Саюзная дзяржава і Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Гэта дазволіць Эўразійскаму саюзу стратэгічна ахапіць сфэры бясьпекі і эканомікі. (...)
Крэмль мае намер сфармаваць Эўразійскі саюз да 2015 году, калі, паводле Расеі, Злучаныя Штаты зноў перавядуць сваю ўвагу на Эўразію

Крэмль мае намер сфармаваць Эўразійскі саюз да 2015 году, калі, паводле Расеі, Злучаныя Штаты зноў перавядуць сваю ўвагу на Эўразію. Вашынгтон мяркуе сёлета падвесьці вынікі сваёй прысутнасьці ў Іраку ды мае намер закончыць баявыя дзеяньні і значна скараціць свой кантынгент у Аўганістане, так што каля 2015 году ў Злучаных Штатаў будуць свабодныя вайсковыя і дыпляматычныя рэсурсы. Гэта таксама час, у якім будуць зробленыя першыя крокі да пабудовы сыстэмы супрацьракетнай абароны ЗША ў Сярэдняй Эўропе. Для Расеі гэта будзе раўназначнае з узьнікненьнем амэрыканскага і праамэрыканскага фронту ўздоўж колішняй савецкай (і будучай эўразійскай) мяжы. Стварэньне новай вэрсіі расейкай імпэрыі, у спалучэньні з кансалідацыяй уплыву ЗША на пэрыфэрыі гэтай імпэрыі, хутчэй за ўсё, выкліча новую варожасьць паміж Масквой і Вашынгтонам.

Гэта можа падрыхтаваць глебу для новай вэрсіі «халоднай вайны», хоць яна ня будзе так доўгатрывалая, як папярэдняя.
Расея вымірае. Дэмаграфічныя паказьнікі ў краіне зьяўляюцца аднымі з найгоршых у сьвеце, і яны няўхільна зьніжаюцца

Іншая прычына імкненьня Пуціна аднавіць нешта накшталт расейскай імпэрыі палягае ў тым, што ён ведае, што наступны крызыс, які можа здарыцца ў Расеі, хутчэй за ўсё, навечна пахавае надзею на яе адраджэньне: Расея вымірае. Дэмаграфічныя паказьнікі ў краіне зьяўляюцца аднымі з найгоршых у сьвеце, і яны няўхільна зьніжаюцца з часоў Другой сусьветнай вайны. Нараджальнасьць значна ніжэй сьмяротнасьці, і ў Расеі зараз ужо колькасьць грамадзянаў ва ўзросьце 50 гадоў і болей, перавышае колькасьць падлеткаў.

Расея можа быць вялікай і моцнай дзяржавай без здаровай эканомікі, але ніводная краіна ня можа быць сусьветнай дзяржавай безь людзей. Вось чаму Пуцін спрабуе ўмацаваць Расею цяпер, пакуль яшчэ дэмаграфічныя працэсы не аслабілі яе. Аднак, нават беручы пад увагу дэмаграфічны спад, Расея будзе ў стане падтрымліваць свой цяперашні рост магутнасьці на працягу прынамсі яшчэ аднаго пакаленьня. Гэта азначае, што некалькі бліжэйшых гадоў, верагодна, могуць стацца апошнім момантам вялікасьці Расеі – такім, які будзе адзначаны вяртаньнем краіны ў якасьці рэгіянальнай імпэрыі і новай канфрантацыяй зь яго папярэднім супернікам, Злучанымі Штатамі Амэрыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG