Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежных праваабаронцаў не пускаюць на суд над Бяляцкім


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Беларускія амбасады ў розных краінах адмаўляюць у выдачы візаў міжнародным праваабаронцам, якія зьбіраліся прыехаць у Менск на судовы працэс над Алесем Бяляцкім.

Працэс над Алесем Бяляцкім пачынаецца 2 лістапада.

Беларускае пасольства ў Парыжы ня выдала візу прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасэн, спаслаўшыся на непажаданасьць яе прысутнасьці ў Менску, паведамляе праваабарончы сайт www.spring96.org

Акрамя таго, у візе адмоўлена кіраўніку праграм праваабарончай арганізацыі Сivil Right Defenders Мары Мэнсан (Швецыя), праваабаронцам з Нарвэгіі Ане Бандэ і Дайве Петкевічуце, якія прадстаўляюць Фонд "Дамоў правоў чалавека", прадстаўніцы Partnership for Human Rights Марыяне Роча (Бэльгія).

Беларусь таксама адмовіла ў візе прадстаўніку Нарвэскага Хэльсынскага камітэту Берыт Ліндэман. Пры гэтым, адзначаюць праваабаронцы, напярэдадні ёй паведамілі, што віза гатовая, і дакумэнты можна забраць у любы час.

Алесь Бяляцкі, вядомы беларускі праваабаронца знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня. Яго абвінавачваюць ва ўтойваньні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго рахунках у замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG