Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Улады правакуюць новую інфляцыйна-дэвальвацыйную сьпіраль


Беларуская валютна-фондавая біржа стрымана адрэагавала на татальнае падаражэньне жыцьця ў Беларусі. Кошты на шэраг тавараў і паслугаў падскочылі на дзясяткі працэнтаў, але па выніках таргоў рубель у адносінах да даляра патаньнеў усяго на 80 пунктаў. Якім чынам Нацыянальнаму банку ўдаецца ўтрымліваць рубель на тле абвалу цэнаў і пры адсутнасьці зьнешняга крэдытаваньня беларускай эканомікі?

У папярэднія дні беларускі рубель дэманстраваў паступальны рост, хоць нават дзяржаўныя структуры маральна рыхтавалі насельніцтва да рэзкага падвышэньня ў лістападзе тарыфаў на праезд грамадзкім транспартам і чыгункай, камунальных плацяжоў, паслугаў мабільнай сувязі, пошты, акцызаў на алькаголь, тытунь, паліва, цэнаў на мэдыкамэнты. Непапулярны крок перадусім патлумачаны выхадам на раўнаважны курс, які ўлады адцягвалі больш за паўгода і ў выніку якога рубель абясцэніўся ўтрая.

Як кажа колішні дырэктар Беларускай фондавай біржы Валеры Кругавы, падобныя апраўданьні не вытрымліваюць ніякай крытыкі. На яго думку, сваім бязьдзеяньнем улады спачатку ашукалі народ абяцанай паўтысячай даляраў заробку, а цяпер працягваюць рабунак праз гіпэрінфляцыю:

"Ўва ўсіх гэтых, мякка кажучы, курсавых разьбежках прысутнічае элемэнт нацыянальнай адметнасьці. Некаторыя нобэлеўскія ляўрэаты па
Проста чарговае абкраданьне народу, вось і ўсё ...

эканоміцы атрымалі свае прэміі менавіта за тое, што разьлічвалі псыхалягічныя моманты гульні на біржы. Іншымі словамі, псыхалягічны момант у складніку курсавых ваганьняў на біржы вельмі вялікі — гэта і дэвальвацыйныя чаканьні, і спэкуляцыйныя чуткі, і г.д. І, як паказвае міжнародны досьвед, на гэтым гуляюць якраз тыя, хто гэтыя чуткі і арганізуе. То бок тыя, хто гэтыя ваганьні запусьціў, а потым на ўсеагульнай паніцы ці ажыятажы нажыўся. Што тычыцца Беларусі, то абсалютна зразумела, хто тут усё арганізоўваў. А гэта адказ на рытарычнае пытаньне: каму гэта выгадна? Проста чарговае абкраданьне народу, вось і ўсё".

Улады намагаюцца суцішыць пратэстныя настроі ў грамадзтве, абяцаючы кампэнсацыйныя выплаты, падвышаючы стаўку першага разраду, памер надбавак, пэнсій, сацыяльнай дапамогі, камандзіровачных і г.д. Эканамісты папярэджваюць: укідваньне ў абарот вялізнай рублёвай масы хоць і закрые раты пэўнай частцы насельніцтва, але прывядзе да негатыўных наступстваў — аж да далейшага абвалу рубля і некантраляванага росту цэнаў. Гаворыць аналітык цэнтру BusinessForecast.by Аляксандар Муха:

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха
"Падвышэньне тарыфнай стаўкі першага разраду можа справакаваць новую інфляцыйна-дэвальвацыйную сьпіраль. Таму спачатку трэба было б абмежаваць інфляцыю да 2,5—3% у месяц, а ўжо потым паступова вырашаць пытаньні, зьвязаныя з падвышэньнем грашовых прыбыткаў насельніцтва, бо на пакупніцкую здольнасьць уплывае якраз дынаміка інфляцыі. Рэзкі рост спажывецкіх коштаў у бягучым годзе, на жаль, прывёў да зьніжэньня пакупной здольнасьці заробкаў беларусаў, і, зыходзячы з гэтага, больш мэтазгодным варыянтам выглядае абмежаваньне росту цэнаў.

І, вядома ж, у ідэальным варыянце, калі па нейкіх пазыцыях кошты пачнуць зьніжацца — як прыклад у тэорыі — гэта будзе азначаць, што з гледзішча пазыцый гэтых тавараў і паслугаў пакупная здольнасьць насельніцтва расьце. Таму трэба рухацца менавіта па тым шляху, каб зьнізіць інфляцыю і дэвальвацыю. Бо насельніцтва, бізнэс, інвэстары ў канчатковым выніку зацікаўленыя ў стабільнай эканамічнай сытуацыі ў краіне, каб можна было плянаваць свой асабісты бюджэт, бюджэт кампаніі, аб'ём плянаваных інвэстыцый і г.д.".

Прадстаўнікі ўраду і Нацбанку неаднаразова выказвалі меркаваньні, што пераадолець фінансавыя цяжкасьці зь меншымі наступствамі дапамаглі б зьнешнія ўліваньні. Аднак Міжнародны валютны фонд, куды Менск зьвярнуўся па шматмільярдную дапамогу, наўпрост увязвае адкрыцьцё крэдытнай лініі з вызваленьнем палітвязьняў. І нават Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС ставіць пад сумнеў наступныя траншы, калі беларускія ўлады і надалей будуць адмаўляцца ад спробаў лібэралізацыі эканомікі. Так, напярэдадні было заяўлена, што стаўка рэфінансаваньня Нацбанку павінна быць прывязаная да памераў інфляцыі, якая сёлета перавысіць 100%. Зь іншага боку, зразумела, што падобная стаўка прывядзе да поўнага паралічу на крэдытным рынку краіны.

Былы прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір перакананы: усе памылкі трэба было выпраўляць нашмат раней. Так, па яго словах, крэдыты, атрыманыя цягам папярэдніх гадоў, былі патрачаныя абсалютна бяздарна. Замест таго каб падтрымаць гэтымі сродкамі выгадныя інвэстыцыйныя праекты, грошы трацілі на "прыкормліваньне" электарату і бяздумныя будоўлі:

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір
"Тыя грошы, якія Беларусь атрымала раней, наша ж кіраўніцтва не накіравала на інвэстыцыі. У такім выпадку інвэстыцыі сапраўды пачалі б працаваць, і коштам гэтага можна было б нейкую частку пазыкаў вяртаць назад. Мы ж іх проста тупа праелі! Вось у чым праблема. А што далей? А далей — нічога, бо нічога прынцыпова не мяняецца. І любыя новыя крэдыты гэтак жа пойдуць на праяданьне. І гэта, бадай, самае страшнае, таму што няма разуменьня тупіковасьці падобнай сытуацыі. Для адмыслоўцаў відавочна: нічога дзеля лібэралізацыі эканомікі ня робіцца, адміністрацыйны апарат улада скарачаць таксама не зьбіраецца. А гэта значыць, інвэстары да нас ня пойдуць. Дык дзе падставы меркаваць, што нешта зьменіцца? І гэта добра адчуваюць ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Бо нічога нікуды не накіравалі, нічога вартага не пабудавалі. А калі схамянуліся, было ўжо позна".

Кіраўніцтва Нацбанку дало зразумець, што ў выпадку атрыманьня пазыкаў ці сродкаў ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці ўсе грошы будуць накіраваныя ў золатавалютныя рэзэрвы. У прыватнасьці, старшыня Нацбанку Надзея Ермакова заявіла: 2,5 мільярда даляраў, якія беларускі бок мае атрымаць ад продажу "Газпраму" астатняй паловы акцыяў "Белтрансгазу", ня пойдуць на інтэрвэнцыі дзеля падтрыманьня курсу беларускага рубля ці на нейкія іншыя праекты. А будуць чакаць лепшых часоў на рахунках Нацбанку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG