Лінкі ўнівэрсальнага доступу



Ірына Халіп заявіла, што ўзмацняецца ціск на яе мужа, былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. «Рэжым ня спыніцца перад ліквідацыяй», — упэўненая Халіп. Да Саньнікава пасадзілі хворага на сухоты, кажа яна.

«Андрэй сядзіць у ПКТ, і туды таксама пасадзілі чалавека зь нізкім статусам, супраць чаго Саньнікаў пратэставаў. Яму не даюць сам-насам сустрэцца з адвакатам. Яму таксама пагражалі зноў паслаць этапам, калі будуць паведамленьні пра яго ў СМІ. Сытуацыя пагаршаецца, вымагаюць ліст пра памілаваньне», — заявіла Халіп.

Ірына Халіп ўпершыню зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі: «Усе ведаюць, што вы трымаеце нашых мужоў у турме, бо вы іх баіцеся. Дакажыце, што вы не баіцеся і адпусьціце іх».


Марына Адамовіч паведаміла пра жорсткую ізаляцыю Міколы Статкевіча. Зь мінулай пятніцы ўзмацніўся ціск наконт ліста пра памілаваньне. «Са мною можа стацца ўсё што заўгодна, але я не падпішу», — заявіў Статкевіч праз тэлефон.

«Цягам чатырох месяцаў адміністрацыя калёніі не дазваляе зарэгістраваць нам шлюб. А вы нам ніхто, кажуць мне ў калёніі. Гэта нізасьць і агіднасьць цяперашняй улады», — заявіла Марына Адамовіч.


Вольга Бандарэнка распавяла, што яе муж моцна хворы. «Ён знаходзіцца ў цяжкім стане, пад пагрозай інваліднасьці. Цяпер узмацніўся ціск — яго пераводзяць у карантынны атрад, лістоў ад яго няма. Гэта зьвёны аднаго ланцуга — тое, што адбываецца з палітвязьнямі», — сказала Вольга.


«Тое, што ў турмах забіваюць нашых лідэраў, гэта страшна», — кажа Вольга Бандарэнка.

Пагоршыўся таксама стан здароўя кіраўніка «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. На яго таксама ціснуць, просяць напісаць ліст пра памілаваньне. Пра гэта паведаміў кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка са спасылкай на Насту Палажанку.

Жонкі палітвязьняў падрыхтавалі зварот да Эўрапейскага зьвязу, каб ЭЗ не аслабляў ціск, «бо ў Беларусі няма лібэралізацыі, а фактычна гуманітарная катастрофа».


Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

14 траўня суд Партызанскага раёну Менску прысудзіў Саньнікава да пяці гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Экс-кандыдат у прэзыдэнты прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў. Раней ён адбываў пакараньне ў Наваполацкай калёніі № 10, аднак пасьля быў пераведзены праз сьледчы ізалятар № 4 Магілёва ў Бабруйскую калёнію № 2.


Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка

27 красавіка давераную асобу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнку асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму.

У палітыка пасьля арышту дыягнаставалі некалькі грыжаў дыскаў хрыбетніка і ўшчамленьне сьпіннамазгавых нэрваў. 25 ліпеня яго даставілі з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы на вуліцы Валадарскага ў 5-ю бальніцу, дзе на наступны дзень зрабілі апэрацыю. Днямі палітвязьня перавялі з санчасткі ў карантынны блёк Магілёўскай калёніі № 15.

Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч — былы кандыдат на прэзыдэнта, палітвязень. 26 траўня асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Статкевіч адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 17 у Шклове. У пачатку месяца стала вядома, што Мікола Статкевіч пашкодзіў руку ў часе працы на лесапілцы і патрапіў у медсанчастку калёніі.



Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Суд прызнаў, што 18 сьнежня Зьміцер Дашкевіч і актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў. Дашкевіч сваёй віны не прызнаў і заявіў, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG