Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: Віталь Пратасевіч выйшаў на волю


Віталь Пратасевіч
Віталь Пратасевіч
Увечары 31 кастрычніка з Гомельскага ізалятару адпушчаны на волю грамадзкі актывіст Віталь Пратасевіч – адзіны ў горадзе мінак, які дзесяць дзён таму разгарнуў у цэнтры гораду партрэт Андрэя Саньнікава.

Ля брамы яго чакалі маці й паўдзесятка паплечнікаў. Аднак сустрэць Віталя непасрэдна ля ізалятару ім не ўдалося.

Блізу 20-й гадзіны супрацоўнікі Цэнтральнага райаддзелу міліцыі вывезьлі актывіста на аўтамашыне да прыпынку грамадзкага транспарту ля палацу культуры “Фэстывальны”. Адтуль Віталь і дабраўся дадому.

Пратасевіч: “Пачуваю я сябе нармальна і не шкадую, што так здарылася. Гэта маё асабістае перакананьне: Андрэй Саньнікаў, іншыя палітнявольнікі незаконна знаходзяцца за кратамі. Людзям неяк трэба пра гэта нагадваць, каб яны не забыліся, што й зь імі можа такое здарыцца”.

21 кастрычніка на прыпынку грамадзкага транспарту “Плошча Леніна” Віталь на хвіліну разгарнуў партрэт зьняволенага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Міліцыя адразу схапіла яго й расцаніла гэта як несанкцыянаваны пікет. Актывіста прэвэнтыўна пасадзіла за краты. А 24 кастрычніка судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля на падставе адміністрацыйнага пратаколу пакарала Пратасевіча 10 суткамі, пагадзіўшыся такім чынам зь міліцыяй, што Пратасевіч сваімі дзеяньнямі “публічна выражаў грамадзка-палітычныя інтарэсы”, сфармуляваныя на сайце Хартыя’97 і некаторых іншых інтэрнэт-рэсурсах.

Сам Віталь заяўляў у судзе, што ня мае дачыненьня да “сфармуляваных на сайтах грамадзка-палітычных інтарэсаў”. На плошчу ён выйшаў па ўласным жаданьні, з асабістых перакананьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG