Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэры «спраўлялі малую патрэбу» на ганку ўнівэрсаму


Юрась Карэтнікаў

Юрась Карэтнікаў

31 кастрычніка лідэра незарэгістраванай арганізацыі «Правы альянс» Юрыя Карэтнікава судзьдзя Савецкага раёну Менску Дзьмітрый Паўлічэнка асудзіў на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а яго паплечніка Сяргея Савіна — на 7 сутак. Абодвух з фармулёўкай — за «дробнае хуліганства»: нібыта ў нядзелю сярод белага дня яны «спраўлялі малую патрэбу» ў шматлюдным месцы.

Юры Карэтнікаў і Сяргей Савін у нядзелю, на Дзяды, вярталіся з Курапатаў, дзе прайшла санкцыянаваная акцыя. У мікрараёне Зялёны Луг, на вуліцы Мірашнічэнкі хлопцы зайшлі ва ўнівэрсам «Паўночны». На выхадзе іх і затрымалі, распавёў Карэтнікаў:

«Адразу на прыступках, на выхадзе з крамы на нас наляцелі трое. Апранутыя яны былі ў спартовыя строі, з характэрнай зьнешнасьцю. Майго сябра Сяргея Савіна адразу ж панесьлі на руках, мяне ўзялі больш акуратна, пад рукі. Натуральна, ніхто не прадстаўляўся, і побач быў ужо прыпаркаваны мікрааўтобус „Фольксваген“ сіняга колеру без нумарных знакаў. Нас туды загрузілі і павезьлі ў ГАМ Савецкага раёну, дзе склалі пратаколы быццам бы за тое, што мы „справляли естественные надобности“, як было там напісана».

Затрымалі Карэтнікава і Савіна а 15-й гадзіне, калі было абсалютна сьветла, на ганку ўнівэрсаму. У пастарунку ўзялі пробы на алькаголь — абодва былі абсалютна цьвярозыя. Ноч хлопцы правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.

На працэсе адвакат хадайнічала, каб у суд даставілі міліцыянтаў, якія затрымлівалі хлопцаў і складалі пратакол, але судзьдзя хадайніцтва адхіліў. Прозьвішчы іх судзьдзя Паўлічэнка чытаў вельмі хутка і невыразна — скорагаворкай, але пры аналізе гуказапісу высьветлілася, што гэта Марціновіч і Канапацкі.

Юрась Карэтнікаў суцяшае сваю дзяўчыну.

Праваабаронца, юрыст руху «За свабоду» Андрэй Сушко даў працэсу такую ацэнку:

«Чарговы раз суды не выконваюць сваёй асноўнай функцыі — выкананьня правасудзьдзя, а выконваюць палітычную замову. Суд над Юрыем Карэтнікавым адбываўся з парушэньнем усіх стандартаў. Мы з адвакатам заявілі хадайніцтва, каб выклікаць сьведак, але суд палічыў нейкія іншыя абставіны больш рэлевантнымі для таго, каб вынесьці вось гэтае рашэньне».

За адно і тое ж правапарушэньне судзьдзя Паўлічэнка асудзіў Карэтнікава на 10 суткак арышту, Савіна — на 7 сутак. Сам Карэтнікаў, які пасьля падзеяў 19 сьнежня 10 месяцаў правёў ва Ўкраіне і вярнуўся на радзіму толькі на мінулым тыдні, патлумачыў гэта такім чынам:

Фактычна гэта была спэцапэрацыя па маім затрыманьні, такая помста за тое, што я асьмеліўся вярнуцца і пайсьці на Дзяды.
«Фактычна гэта была спэцапэрацыя па маім затрыманьні, такая помста за тое, што я асьмеліўся вярнуцца і пайсьці на Дзяды, хаця акцыя была абсалютна легальная. Я разумею, што яны такім чынам дэманструюць, хто з нас у краіне — закон».

Праваабаронца Наста Лойка, што да апошніх затрыманьняў і судоў над грамадзкімі актывістамі і былымі палітвязьнямі, выказала такое меркаваньне:

«Безумоўна, мы бачым, што людзей нэўтралізуюць, асабліва тых, хто доўгі час знаходзіўся па-за межамі краіны і цяпер вяртаецца. Іх адмыслова хочуць ізаляваць, каб ня даць працаваць. Мы ж ведаем, што ніхто з гэтых актывістаў ня лаецца матам і тым больш не паводзіць сябе так. І, як заўжды, гэта адмазка, якая зь вельмі нэгатыўнага боку характарызуе нашу і выканаўчую, і судовую сыстэму».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG