Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіеў праігнараваў прэзыдэнцкія выбары


Выбары ў Кіргізстане.

Выбары ў Кіргізстане.

Новым прэзыдэнтам Кіргізстану абвешчаны былы прэм’ер-міністр Алмазбек Атамбаеў. Пра яго перамогу на выбарах кіраўніка дзяржавы ў першым туры паведаміла Цэнтральная выбарчая камісія краіны. Выбары адбыліся ў нядзелю, 30 кастрычніка. Праходзіла галасаваньне і ў Беларусі, дзе хаваецца зрынуты экс-прэзыдэнт гэтай краіны Курманбек Бакіеў.

Участак для галасаваньня знаходзіўся ў амбасадзе Кіргізстану ў Беларусі. Тут маглі аддаць свае галасы кіргізы, якія жывуць ня толькі ў Беларусі, але і ў Літве, і ў Латвіі, расказаў «Свабодзе» кіраўнік дыпляматычнай місіі Эрык Асаналіеў.

Паводле яго, на консульскім уліку ў гэтых трох краінах стаяць 97 чалавек. Зь іх у галасаваньні ўдзельнічаў 41. Як і ў самім Кіргізстане, у Менску бальшыня выбарцаў падтрымала Алмазбека Атамбаева.

Былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, які знаходзіцца ў Беларусі, ня ўдзельнічаў у галасаваньні, кажа амбасадар Асаналіеў:

«Ён наагул не знаходзіцца на консульскім уліку ў нашай амбасадзе. Таму ён нават ня быў уключаны ў сьпіс для атрыманьня выбарчых бюлетэняў. Спадар Бакіеў не зьвяртаўся да нас і для ўключэньня ў дадатковы сьпіс. І яго наагул у нас не было».
Спадар Бакіеў не зьвяртаўся да нас і для ўключэньня ў дадатковы сьпіс. І яго наагул у нас не было.

Паводле амбасадара, ніхто з родных былога прэзыдэнта Кіргізстану таксама не зьвяртаўся ў амбасаду, каб удзельнічаць у выбарах новага кіраўніка краіны.

Перамога Атамбаева азначае зрух зьнешняй палітыкі Кіргізстану да больш прарасейскага курсу, мяркуюць палітолягі. Яны прагназуюць, што гэтая краіна хутка далучыцца да Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі.

У гэтым пытаньні Кіргізстан ужо прыняў палітычнае рашэньне, падкрэсьлівае амбасадар Асаналіеў:

«І пра гэта мы заяўлялі яшчэ летась, і сёлета пацьвярджалі нашу зацікаўленасьць у Мытным саюзе трох дзяржаваў. Мы зацікаўленыя ў інтэграцыі, каб пашыраліся нашы гандлёва-эканамічныя сувязі і каб мы адчувалі сябе больш камфортна. Таму мы вымушаныя гэта ўсё пралічваць».
Гэта вельмі бедная краіна, і ёй цяжка выжываць без расейскай падтрымкі. І ў Бішкеку гэта разумеюць.

Скіраванасьць Кіргізстану на постсавецкую прастору прагназуе і палітоляг Андрэй Фёдараў:

«Мы бачым гэтае памкненьне далучыцца да Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы. Гэта вельмі бедная краіна, і ёй цяжка выжываць без расейскай падтрымкі. І ў Бішкеку гэта разумеюць.

Я ня думаю, што фактар Бакіева будзе вельмі моцна ўплываць на двухбаковыя дачыненьні. Падаецца, што з гэтым ужо неяк зьмірыліся. Хоць сяды-тады і будуць ставіць пытаньні аб ягонай выдачы. Карацей, ні асаблівай цеплыні, ні канфліктаў ня будзе».

Кіраўніца місіі доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ Карын Ёнкер нэгатыўна ацаніла працэс падліку галасоў на выбарах прэзыдэнта Кіргізстану. А кіраўнік місіі назіральнікаў СНД Сяргей Лебедзеў заявіў, што выбары адпавядалі дзейнаму заканадаўству Кіргізстану.
XS
SM
MD
LG