Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зразумела, пра ўрокі можна казаць з вялікай доляй умоўнасьці – дзе Беларусь, а дзе Кіргізстан. Краіны, здаецца, настолькі розныя, што і аналёгіі бачыць у нечым неяк недарэчна. Тым больш у такой банальнай зьяве, як выбары. Вось калі б рэвалюцыя ...

У гэтым сэнсе многія беларусы натхняліся досьведам краінаў, таксама шмат у чым непадобных на іх бацькаўшчыну: Сэрбія, Грузія, Ўкраіна, Туніс, Эгіпет, Лібія – далей паўсюль. Ну і скіданьне Бакіева таксама выклікала пэўны, праўда, кароткатэрміновы энтузіязм, ўжо надта шурпатым быў аксаміт тамтэйшай леташняй рэвалюцыі. Аднак тое, што Бакіеў у рэшце знайшоў прытулак на гасьціннай беларускай зямлі, рабіла далёкую краіну Цэнтральнай Азіі неяк бліжэй.

Адзін з урокаў цяперашніх выбараў – як раз наконт Бакіева. Зразумела, партыя яшчэ ня скончаная, у прыватнасьці, бліжэйшым часам ня выключаныя акцыі пратэсту канкурэнтаў Атамбаева, якія не прызналі вынікі выбараў. Але папярэдне можна сказаць, што з прытулкам Бакіеву Лукашэнка пралічыўся. Ня тое, што даў прытулак уладару, які загадваў страляць у сваіх суайчыньнікаў – маральныя чыньнікі пакінем за дужкамі. Але летась у пострэвалюцыйным Кіргізстане прайшлі парлямэнцкія выбары, сёлета прэзыдэнцкія – і ніякіх прыкметаў вяртаньня Бакіева падчас іх не назіралася і блізка.

Палітычны ляндшафт там далёкі ад ідыліі, але былога прэзыдэнта з рахункаў сьпісалі, здаецца, ўсе. Менавіта таму ён стаў зручным «хлопчыкам для біцьця» - чым больш рыторыкі пра прошукі падступных бакіеўцаў, тым менш рэальнага ўплыву апальнага насельніка ўрадавага лецішча пад Менскам. Але ўрок бачыцца ня толькі ў гэтым. А ў тым, хто ў рэшце аказваецца наверсе ў выніку рэвалюцыйных падзеяў.

Вельмі часта ў развагах-марах-летуценьнях наконт будучыні пасьля Лукашэнкі жыхары блогасфэры, ў тым ліку і наведнікі нашага сайту, пішуць – ну вось дачакаемся, прыйдзем мы і ўжо тады... Далей малююцца карцінкі эўрапейскай, натаўскай і эўразьвязаўскай Беларусі, якая забыла лукашэнкаўскі пэрыяд, як начны кашмар. Але першае пытаньне, якое ўзьнікае з улікам досьведу таго ж Кіргізстану – а чаму прыйдзеце менавіта вы?

Калі калега Дубавец піша, што «рэжым – гэта Лукашэнка», гэта такая прыемная ілюзія. Зараз, зразумела, ёй можна сябе цешыць

Вось Атамбаеў – былы міністар прамысловасьці «крывавага дыктатара» Бакіева, потым прэм'ер-міністар «крывавага дыктатара». Потым, праўда, апазыцыянэр. Як і паўсюль. Як Саакашвілі быў міністрам юстыцыі ў Шэварнадзэ, Юшчанка і Цімашэнка – адпаведна прэм'ерам і віцэ-прэм'ерам у Кучмы, той жа Бакіеў – прэм'ерам у Акаева, многія правадыры лібійскай рэвалюцыі да яе пачатку -- вернымі паплечнікамі Кадафі. Такі час, відаць -- не Гавэлаў і Валэнсаў.

І яшчэ адзін момант: Атамбаеў – ня проста прарасейскі, але найбольш прарасейскі кандыдат з тых, хто рэальна прэтэндаваў учора на прэзыдэнцкую пасаду. Ну гэта можа і выпадковасьці, у рэшце эўрапейская альтэрнатыва для Кіргізстану нават тэарэтычна не выглядае актуальнай. Ды і Расея, хутчэй за ўсё, імкнулася паўплываць на выбар кіргізаў. А тое бязь Лукашэнкі яна пакіне Беларусь сваімі клопатамі.

І справа ня толькі ў расейскіх клопатах. Калі калега Дубавец піша, што «рэжым – гэта Лукашэнка», гэта такая прыемная ілюзія. Зараз, зразумела, ёй можна сябе цешыць. Але калі пасьля Лукашэнкі прыйдзе беларускі Атамбаеў, цешыць ёй сябе будзе значна складаней. Не, для захаваньня душэўнага спакою можна будзе патлумачыць усё прошукамі Крамля, гэта рэч надзейная. Пэўна дапаможа.

Іншая справа, што межы гэтай прарасейскасьці, як толькі чалавек займае вышэйшую пасаду, неяк дзіўным чынам сьціскаюцца. Падчас «аранжавай» рэвалюцыі ва Ўкраіне прыйшла ў галаву думка: самым вялікім расчараваньнем для Захаду будзе перамога Юшчанкі, самым вялікім расчараваньнем для Расеі – перамога Януковіча. Але і не спадзяваўся, што жыцьцё спраўдзіць абедзьве часткі паўжартаўлівага прагнозу.

Гэтак і прэзыдэнт Атамбаеў, насуперак спадзевам адных і страхам іншых, ня здасьць сваю краіну Расеі. Але кіргіскі досьвед сьведчыць пра тое, што рэвалюцыі ніколі ня спраўджваюць чаканьняў, якія спараджаюць.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG