Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Акрэсьціна зноў вязуць у суды


Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна.
Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна.
У турме на Акрэсьціна адбываюць адміністрацыйныя арышты за акцыі салідарнасьці, якія адбыліся на мінулым тыдні на Кастрычніцкай плошчы, 8 чалавек. Неўзабаве гэта лічба можа павялічыцца. Стала вядома пра завядзеньне новай крымінальнай справы супраць дэмакратычных актывістаў.

Сярод вязьняў, якія адбываюць пакараньне ў турме на Акрэсьціна — каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, які атрымаў 10 сутак за акцыю 24 кастрычніка. Вінярскі мае выйсьці на волю ў чацьвер, 3 лістапада. Яшчэ празь дзень выйдзе з Акрэсьціна былы палітвязень Сяргей Казакоў, а затрыманых разам зь ім Алега Рахоўскага, Аляксандра Салдаценку і Алега Ракоўскага маюць выпусьціць з-за кратаў заўтра, 1 лістапада.

У якіх умовах знаходзяцца вязьні ізалятара на Акрэсьціна? Маці Сяргея Казакова паведаміла «Свабодзе», што сыну ўдалося перадаць ваду, а вось гарбату не ўзялі — яна ўваходзіць у сьпіс забароненага для перадачы, як і харчы. Яшчэ ўдалося перадаць цёплыя рэчы, бо ў турме холадна.

«Плед не ўзялі, а вось цёплыя штаны і швэдар узялі».

Пра тое, што вядома праваабаронцам пра цяперашнія ўмовы на Акрэсьціна, распавяла Наста Лойка зь «Вясны».

«Нам вядома, што ўмовы там цяпер складаныя. Галоўнае, што там нізкая тэмпэратура і нельга перадаваць ежу. Прычым нашы калегі рэгулярна скардзяцца на гэта, але вынікаў няма. На Акрэсьціна нават не зрабілі абяцаны рамонт, і людзі дагэтуль сьпяць на драўляных насьцілах, гэтак званых „сцэнах“, а не на нарах зь бялізнай, як трэба паводле нормаў. Таму мы па-ранейшаму параўноўваем гэтыя ўмовы з блізкімі да катаваньняў».

У сярэдзіне тыдня таксама маюць выйсьці на волю Мікіта Каваленка, Аляксандар Вялітчанка і Сяргей Лыскоў, арыштаваныя за акцыю 26 кастрычніка.

У той жа дзень на чыгуначным вакзале і ў мэтро група моладзі вывесіла партрэты палітвязьняў зь іхнымі імёнамі. Гэтая акцыя папярэдне не афішавалася ў інтэрнэце, і таму, на думку арганізатараў, міліцыі не ўдалося яе спыніць. Аднак праз фатаздымкі, якія зьявіліся ў інтэрнэце, некаторых актывістаў усё ж вылічылі. У пятніцу, 28 красавіка стала вядома пра затрыманьне ўдзельніцы акцыі Юлі Сьцяпанавай, потым затрымалі актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Вольгу Бандарэнку і Міхала Ярмалюка. Сёньня іх судзілі ў Кастрычніцкім і Цэнтральным судах Менску.

Ярмалюку прысудзілі 5 сутак арышту, Юліі Сьцяпанавай — штраф 30 базавых велічынь, Вользе Бандарэнцы — 10 сутак арышту

31 кастрычніка стала вядома, што супраць былога палітвязьня Аляксандра Малчанава і актывіста Андрэя Нікалаеўскага ў Барысаве завялі крымінальную справу паводле абвінавачаньня ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў. Падставай стала тое, што 26 красавіка ў цэнтры Барысава быў заплямлены фарбай дзяржаўны сьцяг. Ужо ў ноч на 27-га Аляксандра Малчанава арыштавалі. Як былы палітвязень ставіцца да гэтага абвінавачаньня, высьветліць пакуль не ўдалося — Малчанаў адбывае адміністрацыйны арышт на 10 сутак нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG