Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы прэзыдэнт Кіргізстану абяцае зачыніць амэрыканскую авіябазу


Паводле зьвестак Цэнтарвыбаркаму Кіргізстану на прэзыдэнцкіх выбарах у гэтай краіне перамог дзейны прэм'ер Алмазбек Атамбаеў. Яго асноўныя супернікі не прызналі яго перамогу, яны кажуць, што іх прыхільнікі могуць зладзіць акцыі пратэсту.

Старшыня ЦВК Туйгуналы Абраімаў сёньня абвясьціў, што Атамбаеў атрымаў 62.8% галасоў прыйшоўшых на выбары і перамог у першым туры.

Алмазбек Атамбаеў
Алмазбек Атамбаеў
Прэзыдэнцкія выбары 30 кастрычніка ў Кіргізстане адбыліся праз паўтара года пасьля таго, як у выніку масавых пратэстаў быў зрынуты прэзыдэнт Курманбек Бакіеў, які пасьля знайшоў прытулак у Беларусі.

Назіральнікі адзначаюць, што ўчорашнія выбары былі азмрочаныя шэрагам працэдурных хібаў. Сотні выбарнікаў, у тым ліку і сын часовай выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Розы Атунбаевай, паведамілі, што не знайшлі свае імёны ў сьпісах выбарнікаў.

Але паводле назіральнікаў памылкі істотна не паўплывалі на вынікі галасаваньня. Назіральныя місіі АБСЭ і СНД у цэлым станоўча ахарактарызавалі працэдуру выбараў, адзначыўшы пэўныя недахопы. Кіраўнік назіральнікаў АБСЭ выказаў асьцярожны аптымізм з нагоды будучыні дэмакратыі ў Кіргізстане.

На выбарах не было парогу яўку, ў іх ўзялі ўдзел 60% грамадзян, якія маюць права голасу. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндавала 16 кандыдатаў. Бліжэйшыя канкурэнты Атамбаева – былы сьпікер парлямэнту Адахан Мадумараў і кіраўнік парлямэнцкай фракцыі «Ата-Журт» Камчыбек Ташыеў – набралі па 14% галасоў.
Абодва яны не прызналі паразу і прыгразілі, што незадаволенасьць вынікамі галасаваньня можа прывесьці да новай хвалі сутыкненьня.

Мадумараў 30 кастрычніка, калі яшчэ ішло галасаваньне, абвясьціў вынікі несапраўднымі з прычыны шматлікіх парушэньняў.

Ташыеў, які падтрымлівае шчыльныя сувязі з выгнаным экс-прэзыдэнтам Бакіевым, заявіў сёньня, што больш за мільён грамадзянаў былі наўмысна выключаныя са сьпісаў выбаршчыкаў. Сёньня ў паўднёвым горадзе Джалал-Абад дэманстранты ўжо выйшлі на цэнтральную плошчу гораду ў падтрымку Мадумарава і Ташыева і на знак пратэсту супраць вынікаў выбараў.

Атамбаеў лічыўся найбольш прарасейскім кандыдатам, ён выступае за далучэньне Кіргізстану да Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі. Падчас выбарчай кампаніі ён абяцаў зачыніць амэрыканскую вайсковую авіябазу, якая забясьпечвае апэрацыі войск НАТА ва Аўганістане.

Роза Атунбаева застанецца на пасадзе часовага кіраўніка дзяржавы да канца гэтага году. У 2012 год Кіргізстан уступіць з новым прэзыдэнтам. Варта адзначыць, што прэзыдэнт паводле новай канстытуцыі мае даволі абмежаванае кола паўнамоцтваў. Большую ўладу мае кіраўнік ураду.

***

Алмазбек Атамбаеў (нар. 17 верасьня 1956 году, у вёсцы Арашан Аламудунскага раёну Чуйскай вобласьці Кіргізстану), прэм'ер-міністар Кіргізстану, старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі.

Працоўную дзейнасьць пачаў з 1980 года, працаваў інжынэрам, а затым вядучым эканамістам на прадпрыемствах міністэрства сувязі КССР

З 1983 на парлямэнцкай працы, прызначаны рэдактарам і старэйшым рэфэрэнтам у прэзыдыюме Вярхоўнага Савету КССР

З 1987 па 1989 - намесьнік старшыні першамайскага райвыканкама г. Бішкеку

У 1989 пайшоў з усіх пасадаў і пачынае кар'еру ў бізнэсе. Спачатку да 1997 займаў пасаду дырэктара навукова-вытворчай фірмы «Форум», а затым з 1997 па 1999 гг. генэральны дырэктар АТ «Кыргызаўтамаш». З 1999 па 2004 прызначаны старшынём рады дырэктараў прамысловай групы «Форум», З 2004 па 2005 старшыня рады дырэктараў карпарацыі «Кыргызаўтамаш».

З 1995 па 2000 – дэпутат парлямэнту (Жогорку Кенэш)

З верасьня 2005 па красавік 2006 году -- міністар прамысловасьці, гандлю і турызму Кіргізстану

З 30 сакавіка 2007 па 28 лістапада 2007 году -- прэм'ер-міністар Кірзізстану

Пасьля красавіцкай рэвалюцыі, з 7 красавіка 2010 года -- намесьнік кіраўніка часовага ўрада па эканоміцы

17 сьнежня 2010 г. абраны першым прэм'ер-міністрам па новай канстытуцыі КР

Атамбаеў жанаты, мае шасьцёх дзяцей
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG