Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле дадзеных ААН сёньня на Зямлі нарадзіўся яе 7-мільярдны жыхар. Паводле ААН 6-мільярдны жыхар нарадзіўся ў 1999 г. у Сараеве. Гэтае прызнаньне было сымбалічным, пэўным рэвэрансам у бок разбуранай вайной Босьніі.

Гэтым разам ААН адмовілася вызначаць краіну, ў якой нарадзіўся 7-мільярдны жыхар Зямлі. «Замест таго, каб турбавацца пра колькасьць, мы павінны думаць, што рабіць з нашай плянэтай — найлепшым месцам для жыцьця ўсіх яе жыхароў», — гаворыцца ў дакладзе ААН.

Але з гэтай нагоды сьвята 7-мільярднага чалавека адзначалася сёньня шмат у якіх краінах: у Індыі, на Філіпінах, у Расеі.Між тым кіраўнік аддзелу народанасельніцтва Гэргард Хелінг тлумачыць, што ацэнкі зробленыя з дакладнасьцю ў 1-2%, гэта значыць – з памылкай прыкладна ў 56 мільёнаў чалавек. Часовая памылка – ў 6 месяцаў назад ці наперад. У шэрагу краін – ва Аўганістане, Бірме, Лібане – перапісы не праводзіліся больш за 25 гадоў, так што колькасьць насельніцтва можна даць толькі праз ацэнкі зь вялікай доляй памылкі.
ААН тлумачыць, што абвяшчэньне 31 кастрычніка датай нараджэньня 7-мільярднага зямляніна – спосаб прыцягнуць увагу да хуткасьці росту народанасельніцтва.

Насельніцтва Зямлі імкліва расьце. Яшчэ напачатку ХІХ стагодзьдзя чалавецтва налічвала 1 мільярд чалавек, павялічыўшыся прыкладна ўтрая з Раства Хрыстова, за 18 стагоддзяў. Ужо ў 1927 годзе на Зямлі жылі 2 мільярды чалавек, у 1974 годзе – 4 мільярды, у 1987 годзе – 5 мільярдаў, сёлета споўнілася 12 гадоў хлопчыку, які пры нараджэньні быў абвешчаны 6-мільярдным жыхаром плянэты.


12-гадовы Аднан Невіч з басьнійскага гораду Вісока -- 6-мільярдны жыхар Зямлі. Сям'я хлопчыка жыве ў галечы, бацька пакутуе на анкалягічную хваробу.

Усіх беларускіх немаўлятаў, народжаных 31 кастрычніка, прызнаюць 7-мільярднымі. Яны атрымаюць памятныя сэртыфікаты, паведамляе БелаПАН.

Прадстаўніцтва ААН у Беларусі сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя 31 кастрычніка правядзе акцыю, мэта якой — прыцягнуць увагу грамадзкасьці, сродкаў масавай інфармацыі да важнасьці дэмаграфічных праблем у краіне і сьвеце, падкрэсьліць асаблівую значнасьць кожнага чалавека.

Кіраўнікі міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя і прадстаўнік ААН у Беларусі Антоніус Брук наведаюць радзільнае аддзяленьне РНПЦ «Маці і дзіця». Яны павіншуюць маці, чые малыя зьявіліся на сьвет у Дзень сямі мільярдаў, і ўручаць ім памятныя сэртыфікаты і падарункі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG