Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Як паведамляюць з руху «За свабоду», 28 кастрычніка ў Менску быў затрыманы актывіст руху Зьміцер Андрэйчук. Міліцыянты затрымалі актывіста, калі той расклейваў на прыпынках плякаты з фатаздымкамі шэсьця і мітынгу ў Курапатах у 1988 годзе.

«Страху няма» — гэтак актывісты руху «За свабоду» назвалі агітацыйную кампанію, якая нагадвае пра часы самага масавага ўдзелу менчукоў у шэсьці і мітынгу ў Курапатах. Як відаць на здымках, тады зьбіраліся тысячы людзей.

Паводле зьвестак руху «За свабоду», Зьмітра Андрэйчука адвезьлі ў Партызанскі РУУС Менску, аднак там гэтую інфармацыю абвяргаюць. Мабільны тэлефон Андрэйчука адключаны.

28 кастрычніка заяўнікі «Дзядоў-2011» актывісты КХП БНФ Юрась Беленькі і Алесь Чахольскі сустракаліся з прадстаўнікамі міліцыі Менску адносна правядзеньня 30 кастрычніка дазволенага шэсьця і мітынгу ў Курапатах.

«У міліцыі размова адбылася канструктыўная, але спачатку я размаўляў з прадстаўнікамі розных управаў у гарвыканкаме, дык там узьнікла напружанасьць. Мала таго, што ў прысутнасьці прадстаўніка пракуратуры размову чамусьці пачалі запісваць на відэа, дык яшчэ спрабавалі навязаць шэсьцю зусім непрымальныя ўмовы — накіраваць калёну людзей у падземны пераход. Давялося рашуча запярэчыць і нагадаць пра трагедыю на Нямізе. У выніку нам паабяцалі, што шэсьце пройдзе без усялякіх адхіленьняў ад звычайнага маршруту», — паведаміў «Свабодзе» Юрась Беленькі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG