Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фэрмэр Тарасевіч пра Севярынца: «У нас такога добрасумленнага працаўніка яшчэ не было»


Павал Севярынец на «хіміі» ў вёсцы Куплін.

Павал Севярынец на «хіміі» ў вёсцы Куплін.

Павал Севярынец ацэньвае свае шанцы наконт пераводу на «хатнюю хімію» як 50 на 50. Міколу Статкевіча ў Шклоўскай калёніі наведаў адвакат. Жонка Зьмітра Бандарэнкі зьвярнулася ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Дашкевіч па-ранейшаму ў камэрах-адзіночках.

27 кастрычніка ўвечары атэстацыйная камісія спэцкамэндатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну вынесла рашэньне, што Павал Севярынец, які адбывае там пакараньне на «хіміі», стаў на шлях выпраўленьня. Дапамаглі станоўчыя характарыстыкі з працы і цёплае стаўленьне вяскоўцаў і сьвятара.

Фэрмэр Анатоль Тарасевіч, у чыёй аграфірме працуе Павал Севярынец, кажа: «Добры хлопец, проста выдатны хлопец — пытаньняў да яго ніколі няма. У нас такога добрасумленнага працаўніка яшчэ не было. Але ён жа пісьменьнік, і яму тут трэба знаходзіцца… А такога працаўніка я б з задавальненьнем узяў і плаціў бы яму падвойную зарплату. Адказны, сумленны, добра дапамагае».
Але ён жа пісьменьнік, і яму тут трэба знаходзіцца…

Павал Севярынец адбыў траціну тэрміну. У такіх выпадках, калі няма заўвагаў, звычайнага «хіміка» пераводзяць на так званую «хатнюю хімію». Сам Павал такім чынам ацэньвае свае шанцы вярнуцца ў родны Віцебск:

«Пэрспэктывы ёсьць выйсьці. Я б сказаў — 50 на 50. Думаю, зараз калі каго і будуць выпускаць, то гэта Бандарэнку. У яго сапраўды цяжка са здароўем, молімся за яго, перажываем, каб яго ў першую чаргу вызвалілі. І тыя палітвязьні, якія застаюцца яшчэ за кратамі, і Бяляцкі, і Аўтуховіч, і Дашкевіч з Лобавым, і анархісты — каб змаглі выйсьці і яны. Таму што ім цяжэй».

Вольга Бандарэнка ў пятніцу наведала Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. У нагляднай скарзе ёй адмовілі, наступная інстанцыя — Вярхоўны суд. Вольга перажывае за здароўе Зьмітра Бандарэнкі, якога з мэдсанчасткі перавялі ў атрад:

«Відавочна, што быў загад больш жорстка ставіцца, таму што і лістоў няма ўжо больш за тыдзень, хоць Зьміцер мне кожны дзень піша, і ў атрад перавялі. А ў атрадзе ён ня можа выконваць тыя рэкамэндацыі, якія яму лекары раяць. Даводзіцца і нахіляцца, і доўга стаяць, а яму гэта вельмі цяжка. Сёньня якраз у дэпартамэнце размаўляла пра гэта зь лекарам. Сказаў, што будзе тэлефанаваць і высьвятляць».

Марына Адамовіч, грамадзянская жонка Міколы Статкевіча, распавяла, што ў чацьвер палітвязьня наведаў адвакат:
Лісты ад дачкі прыйшлі яму спачатку за кастрычнік, а потым за жнівень.

«Нават без мадэратара кантактавалі, хоць і праз шкло, гук ужо не адключалі. Мікола па-ранейшаму працуе на лесапілцы, гэта цяжкая праца. Працуе, стараючыся ашчаджаць гэтую руку, якая яшчэ не зусім у парадку. Ён перадаў праз адваката, што напісаў мне ліст 18 кастрычніка, які, натуральна, я не атрымала. Так што і зь лістамі, і з тэлефанаваньнямі па-ранейшаму нічога не памянялася. Мікола пэўную частку лістоў атрымлівае, але ў дзіўным храналягічным парадку. Так, лісты ад дачкі прыйшлі яму спачатку за кастрычнік, а потым за жнівень».

Нявеста Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка кажа, што пашпарт Зьмітра так і не знайшлі. Але трымаецца вязень бадзёра, вывучае ангельскую мову, адказвае на шматлікія лісты падтрымкі:

«Як і Андрэй Саньнікаў, ён зьмешчаны ў адзіночную камэру з фармулёўкай „пасьля этапу зь небясьпекай для жыцьця і здароўя“. Таму нейкі час, пакуль праводзіцца праверка, ён мусіць быць адзін у камэры. Зьміцер вельмі шмат атрымлівае лістоў, шмат адказвае. Пошту прыносяць раз на тыдзень, і гэта, як правіла, больш за 50 лістоў. Шмат людзей з Расеі пішуць, якія ведаюць пра тутэйшую сытуацыю. Канечне, Зьміцер вельмі хоча выйсьці на волю да канца гэтага году».
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Павал Севярынец
Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 г. у Воршы. Скончыў з залатым мэдалём віцебскую школу № 25 (з мастацкім ухілам). Пачатак цікавасьці да палітыкі — абраньне ў 10 клясе школы ў Дзіцячы рэспубліканскі парлямэнт. Захапляўся геаграфіяй і геалёгіяй. Скончыў геафак БДУ. У 1994—1999 гг. працаваў журналістам у шэрагу недзяржаўных выданьняў. З 1998 г. друкуецца ў незалежнай прэсе як публіцыст. Ляўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі".

У 1999—2003 гг. быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 гг. — старшынём "Маладога Фронту", цяпер — сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны 20 сьнежня і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму прад’яўлена абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 4 красавіка замест гэтага прад'яўлена іншае абвінавачаньне (арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG