Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта прадпрымальнікам некалькі рахункаў?


Нацыянальны банк

Нацыянальны банк

Нягледзячы на абяцаньні зьвесьці да мінімуму ўмяшаньне ў свабоднае фармаваньне курсу беларускага рубля, Нацыянальны банк працягвае адміністрацыйнае рэгуляваньне. Так, юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам забаронена мець некалькі валютных рахункаў і загадана абмежавацца спэцыялізаваным рахункам у адным банку. З гледзішча рэгулятара, гэта дазволіць падвысіць празрыстасьць набыцьця валюты на ўнутраным рынку. Бізнэсоўцы лічаць, што пры гэтым найперш пацерпіць дзелавая актыўнасьць.

Нацыянальны банк тлумачыць новыя абмежаваньні жаданьнем спыніць тых нядобрасумленных кліентаў, якія набываюь і выкарыстоўваюць замежную валюту праз рахункі, адкрытыя ў розных банках, па адной і той жа дамове. Індывідуальны прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка навацыі ўспрымае з пэўнай доляй сарказму. Па яго словах, у цяперашняй сытуацыі мала хто адважыцца заводзіць у беларускіх банках і адзін рахунак:

Алесь Таўстыка

Алесь Таўстыка

"Нават каб яны прапанавалі дваццаць рахункаў — хоць валютных, хоць у беларускіх, хоць у якой іншай валюце — цяпер стан у бізнэсе такі, што, дзякуй Богу, сабралі па сябрах на арэнду. Калі нават ёсьць крэдыт невялічкі, дзякуй богу, што трэба 29—30-га сплачваць і наперадзе выходныя. Якія рахункі? Калі чулі апошнія бізнэс-скандалы, то нават буйныя бізнэсоўцы не давяраюць ні банкам, ні рахункам, бо трэба быць вялікім дурнем, каб сёньня занесьці ў дзяржаўныя фінансавыя ўстановы хоць якую капейчыну.

І ўвогуле ўжо трэба неяк зьвяртацца да прадпрымальнікаў, што самы галоўны ўнёсак — гэта не стаяць і ахвяраваць сабой, патрабуючы свабоду палітвязьням, а выйсьці пад лёзунгамі "Ні капейкі ў дзяржаўныя фінансавыя ўстановы!". Ну пра якія рахункі размовы? Сёньня ты адкрыў рахунак, паклаў нейкую капейку, а заўтра да цябе прыйдуць і ўсё забяруць. Вось і ўвесь бізнэс. Пра якія дэкрэты № 4 гаворка ці пра што іншае? Таму гэта проста звычайная падстава. Хочуць знайсьці яшчэ некага і высмактаць зь яго апошнюю капейку".

Новыя зьмены ўводзяць больш жорсткі кантроль за працэдурай набыцьця суб'ектамі гаспадараньня замежнай валюты дзеля пагашэньня крэдытаў ці запазычаньняў, атрыманых ад нерэзыдэнтаў. У зьвязку з гэтым пашыраецца пералік дакумэнтаў для прадстаўленьня ў банк пад набыцьцё валюты. Старшыня Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў Уладзімер Карагін лічыць, што ажыўленьне ў дзелавых колах, якое намецілася пасьля выхаду на раўнаважны курс, рызыкуе збавіць абароты. Па яго словах, любое ўмяшаньне ў рынкавыя працэсы стрымлівае імпэт ня толькі мясцовых бізнэсоўцаў, але і патэнцыйных інвэстараў:

Уладзімер Карагін

Уладзімер Карагін

"Тут трэба мець на ўвазе і аб'ектыўныя фактары, якія паступова складаюцца. Па вялікім рахунку, цяпер і бізнэс атрымаў нейкую ўпэўненасьць, больш актыўна працуе, мяркуючы па першых таргах пасьля выхаду на адзіны курс. То бок абмежаванасьць ранейшых вузкіх месцаў значна расшырылася. Усе гэтыя пасьлядоўныя захады прывялі да таго, што, як мы бачым, пакрыху замежныя інвэстары ажывіліся. Праўда, інвэстары вельмі правільна зарыентаваліся: паводле статыстыкі, 92% наўпроставых замежных інвэстыцый ідуць менавіта ў прыватны сэктар эканомікі, бо менавіта гэты сэктар найбольш прадуктыўны і выніковы. Мы лічым, што інвэстыцыі ў дзяржаўны сэктар — гэта пустая трата часу і падвышаная рызыка. І замежны інвэстар гэта таксама ўжо зразумеў, хоць яго, канечне, арыентуюць інакш. Таму ня трэба зараз уносіць у адносна спакойны рытм нейкую дысгармонію".

Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан лічыць, што дзяржава аддае занадта шмат увагі пытаньням валютнага рэгуляваньня. На думку экспэрта, замест таго, каб праводзіць узважаную палітыку на ўмацаваньне беларускага рубля, урад заклапочаны тым, як забясьпечыць усіх ахвотных замежнай валютай:

Валянцін Лопан

Валянцін Лопан

"Пастаноўка пытаньня, як яно адпачатку агучвалася — задаволіць попыт насельніцтва на валюту — сама па сабе няправільная. Ня можа ўрад адной дзяржавы ставіць сабе за мэту задаволіць попыт грамадзянаў сваёй краіны на валюту іншай краіны. Гэта ў прынцыпе невырашальная задача. Трэба ставіць мэтай і задачай мець уласную паўнавартасную нацыянальную валюту і ўмацоўваць яе. Альбо дэвальваваць, у залежнасьці ад каньюнктуры ўсясьветнага рынку. Вось такую задачу трэба вырашаць. І пакуль гэтае пытаньне ня будзе пасьлядоўна вырашацца, у нас будуць праблемы. Таму што бачыце, як мы лічым: 200 даляраў зарабляем ці 500? Але ж даляры зарабляюцца ў Амэрыцы! Для астатніх краінаў гэта рэзэрвовая валюта, якую ва хочаце майце, хочаце не. Мы павінны ўсё лічыць у рублях. Пакуль мы гэтага не навучымся рабіць, ня будзе ў нас нармальнай эканомікі".

Тым ня меней у агучанай Нацбанкам стратэгіі на 2012 год галоўная фінансавая ўстанова абяцае абмежавацца мінімальным умяшаньнем у фармаваньне курсу беларускага рубля. Праўда, на вялікую дыстанцыю адпускаць працэсы ўлады не зьбіраюцца. У Нацбанку недвухсэнсоўна заяўляюць, што ў рэжыме абменнага курсу будзе выкарыстоўвацца "кіраванае плаваньне".
XS
SM
MD
LG