Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вус пачынае кампанію за зьмены Выбарчага кодэксу


Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус

Дзьмітрый Вус, былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, пачынае кампанію за перагляд выбарчага заканадаўства. Ён лічыць, што бяз гэтага зрабіць будучыя выбары ў краіне празрыстымі і свабоднымі немагчыма.

Дзьмітрый Вус сёньня паведаміў "Свабодзе", што зьмены ў Выбарчы кодэкс ужо падрыхтаваныя. Галоўная мэта — зрабіць празрыстым і кантраляваным падлік бюлетэняў. Таму прапануецца наступнае:

"Каб кандыдаты ў прэзыдэнты і іх давераныя асобы, а таксама кандыдаты ў дэпутаты ўсіх роўняў атрымалі права пасылаць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі сваіх прадстаўнікоў з правам быць сябрамі ўчастковых камісіяў. Такім чынам у камісіях зьявяцца незалежныя людзі. Яны будуць лічыць бюлетэні і падпісваць іх з абодвух бакоў. Так будзе наладжаны кантроль за падлікам галасоў выбарцаў".

Мікалай Лазавік

Мікалай Лазавік

Дзейнае заканадаўства прадугледжвае магчымасьць уносіць зьмены ў Выбарчы кодэкс — канстатуе сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

"Для таго, каб ажыцьцявіць заканатворчую ініцыятыву грамадзян, патрэбна спачатку зарэгістраваць ініцыятыўную групу і тое пытаньне, якое будзе выносіцца на разгляд парлямэнту. Ну, а далей ініцыятыўная група зьбірае подпісы грамадзянаў. І калі яна атрымае неабходную падтрымку, то ўносіць законапраект у парлямэнт. А там дакумэнт разглядаецца ў звычайным парадку. І ў выніку ён можа быць альбо прыняты, альбо адхілены".

Дзьмітрый Вус кажа, што яго каманда мае намер сабраць ня меней за 100 тысяч подпісаў дзеля таго, каб дамагчыся зьмены выбарчага заканадаўства:

"Ужо па рэгіёнах прызначаныя прадстаўнікі, якія зоймуцца справай у абласьцях і раёнах. Практычна ўжо ёсьць, я думаю, больш за тысячу чалавек. Гэта каманда, якая зьбірала подпісы, калі я быў кандыдатам у прэзыдэнты. Яна засталася. І да яе, я мяркую, падключацца актывісты некаторых іншых былых кандыдатаў у прэзыдэнты. А таксама людзі, якія неабыякавыя да лёсу сваёй краіны".

Між тым 18 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка ўжо абмяркоўваў пляны правядзеньня выбарчай кампаніі 2012 году ў Палату прадстаўнікоў са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. І заявіў пра недапушчальнасьць зьмяненьня выбарчага заканадаўства:

"Я б ня стаў разглядаць варыянты, як ад нас сёньня некаторыя патрабуюць, ломкі выбарчага заканадаўства. Гэта абсалютна непрымальна напярэдадні палітычнай кампаніі", — падкрэсьліў Лукашэнка.

Дарэчы, у студзені 2012 году заканчваюцца паўнамоцтвы цяперашняга складу Цэнтральнай выбарчай камісіі. Згодна з заканадаўствам, да гэтай даты павінны быць названыя прозьвішчы ўсіх 12 сталых сябраў камісіі новага складу.


Дзьмітры Вус

Нарадзіўся 10 чэрвеня 1971 года ў Менску. Скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «правазнаўства». Працаваў на заводзе «Інтэграл», будаўніком, займаўся дробным бізнэсам. Жанаты, мае двух сыноў.

У 1992 годзе стаў дырэктарам выдавецтва ТДА «Трывіюм», якое выдае большасьць беларускіх атлясаў і мапаў. У 1999-2003 г.г. быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету. У 2003 і 2006 г.г таксама спрабаваў балятавацца, але ня быў зарэгістраваны ў якасьці кандыдата. У 2010 годзе браў удзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, але прайграў, набраўшы 38% галасоў (паводле зьвестак выбарчай камісіі). Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 г. Быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых непарадкаў.

26 траўня судзьдзя Ленінскага суду Менску Людміла Грачова асудзіла на 5 гадоў 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Быў зьняволены ў залі суду. Адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 19. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала вязьнем сумленьня. Вызвалены 1 кастрычніка 2011 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG