Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бурлівая дыскусія пра новы этап постсавецкай інтэграцыі стала нагодай, каб таксама выказаць некаторыя меркаваньні. Тым больш што на тую ж тэму ў "Известиях" зьявіўся артыкул прэзыдэнта Казахстану Назарбаева.

Падставай для дыскусіі стаў артыкул Уладзімера Пуціна. Адразу адзначым, што падстава слабая. Бо ў ім няма нічога такога, што можна было б прэзэнтаваць як праект. Гэта голая ідэя, выказаная ў досыць абстрактнай форме. Такіх ідэяў, і нават больш канкрэтна сфармуляваных, за 20 гадоў пасьля распаду СССР было шмат. Да ўзроўню практычнай рэалізацыі дайшла толькі малая частка. Таму мы можам канстатаваць, што пакуль маем толькі перадвыбарчы піяр кандыдата ў прэзыдэнты РФ Пуціна. Таму, па вялікім рахунку, няма прадмета для абмеркаваньня. Вось у артыкуле Назарбаева шмат больш канкрэтыкі, і там ужо ёсьць пра што разважаць.

Сур’ёзнасьці прапанове Пуціна дадае той факт, што Маскве пачало нешта ўдавацца. Маю на ўвазе Мытны саюз, які ўжо працуе два гады, і Адзіную эканамічную прастору, якая пачынае дзейнічаць з новага году. Сапраўды, інтэграцыйны працэс набраў добры тэмп. І на гэтым фоне на прапанову Пуціна аб стварэньні Эўразійскага саюзу зьвярнулі ўвагу.

Але чаму выказваецца вельмі шмат сумненьняў, што з гэтага нешта выйдзе? На тое існуе некалькі прычын. Па-першае, гістарычны досьвед інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы выглядае непераканаўчым. Амаль усе створаныя арганізацыі (СНД, АДКБ. ЭўрАзЭС, ГУАМ, саюзная дзяржава Беларусі і Расеі) функцыянуюць зь вялікімі праблемамі.

Па-другое, гістарычны досьвед паказвае, што інтэграцыя ўдаецца і дае эфэкт пры ўмове
Шмат хто з экспэртаў кажа, што гэта больш геапалітычны, чым эканамічны праект, што гэта спроба рэанімацыі імпэрыі.

аб’яднаньня дзяржаў эканамічна разьвітых, з рынкавай эканомікай, дэмакратычнай сыстэмай. Калі бізнэсу цесна ў нацыянальных рамках і ён імкнецца за іх межы. Калі дзейнічаюць рынкавыя правілы, якія лёгка ўніфікаваць. Калі палітычная эліта, у адрозьненьне ад аўтарытарных кіраўнікоў, не баіцца дзяліцца ўладай, перадаючы яе наднацыянальным органам. Таму інтэграцыя ўдалася ў Эўропе, але не выходзіць у Афрыцы, на Блізкім Усходзе, у Лацінскай Амэрыцы, на постсавецкай прасторы.

Па-трэцяе, у прапанаванай ідэі відавочныя імпэрскія матывы Расеі. Шмат хто з экспэртаў кажа, што гэта больш геапалітычны, чым эканамічны праект, што гэта спроба рэанімацыі імпэрыі. Таму яна выклікае насьцярогу ў шмат якіх краінах — напрыклад, ва Ўкраіне, у краінах Захаду.

Па-чацьвёртае, каньюнктурнасьць гэтага праекту бачыцца ня толькі ў тым, што новае аб’яднаньне ствараецца фарсаванымі тэмпамі пад прэзыдэнцкія выбары. Справа яшчэ і ў тым, што прапанова Масквы ўзьнікла як адказ на праграму ЭЗ "Усходняе партнэрства". Расея спужалася, што Эўропа становіцца канкурэнтам за кантроль над постсавецкай прасторай, і пасьпяшалася выступіць з уласнай контрапрапановай. А ўсё каньюнктурнае, як вядома, нясе на сабе пячатку часовасьці, негрунтоўнасьці.

Па-пятае, зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што новае аб’яднаньне ствараюць дзяржавы,
Расея спужалася, што Эўропа становіцца канкурэнтам за кантроль над постсавецкай прасторай.

якія не ўваходзяць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Гэта выклікае падазрэньне, што яны імкнуцца адгарадзіцца ад усясьветных тэндэнцый, абараніцца ад глябалізацыі, ізалявацца ў сваім рэгіянальным кусьце. А гэта кансэрвуе эканамічную адсталасьць з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць.

Але беларускаму кіраўніцтву цяпер не да канцэптуальных разважаньняў. Яно вырашае праблемы выжываньня і жыве сёньняшнім днём. Кіруючыся гэтай лёгікай, Лукашэнка падыграў Пуціну ў сваім артыкуле ў "Известиях". Пакуль справа зводзіцца да голай рыторыкі, то чаму б не падтрымаць?

Падаецца, што цяперашняе пацяпленьне ў беларуска-расейскіх дачыненьнях тлумачыцца выбарчай кампаніяй у Расеі. Заўсёды, яшчэ з часоў
Пацяпленьне можа зьмяніцца пахаладаньнем, як толькі справа дойдзе да канкрэтыкі.

Ельцына, такія пэрыяды спрыялі інтэграцыі. Бо расейскі электарат, які настальгуе па імпэрыі, трэба карміць прыгожымі інтэграцыйнымі казкамі і не азмрочваць канфліктамі з саюзьнікамі. Да таго ж Лукашэнка заўсёды актыўна ўмешваўся ў расейскія выбарчыя кампаніі. І Масква імкнецца выкарыстаць гэтую энэргію ў мірных мэтах.

А Менск хоча атрымаць з гэтага спрыяльнага моманту канкрэтныя дывідэнды. Каб цэны на газ наступным годам не павышаліся. Каб "Газпром" закрыў вочы на доўг у памеры 50 млн даляраў, які беларускі бок мае за газ. (Нагадаю, што ў чэрвені 2010 году з-за беларускага доўгу за газ між саюзьнікамі ўспыхнула "газавая вайна"). Каб атрымаць крэдыты ад расейскіх банкаў.

Гэтае пацяпленьне можа зьмяніцца пахаладаньнем, як толькі справа дойдзе да канкрэтыкі. Напрыклад, да пагадненьня аб стварэньні наднацыянальных органаў. Менавіта гэтая тэма стане галоўнай на саміце Мытнага саюзу ў лістападзе.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG