Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: Рамана Кісьляка будуць судзіць за пікет, а не за шэсьце


Адзіночная ацыя Рамана Кісьляка.

Адзіночная ацыя Рамана Кісьляка.

Праваабаронцу Рамана Кісьляка, затрыманага 16 кастрычніка падчас шэсьця салідарнасьці з Алесем Бяляцкім, будуць судзіць 28 кастрычніка за пікет.

25 кастрычніка на Кісьляка склалі новы пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне. Аднак сам праваабаронца кажа, што ня згодны з гэтым, бо ён праводзіў не пікет, а адзіночнае вулічнае шэсьце. Спадар Кісьляк тлумачыць, што яно не падпадае пад закон аб масавых мерапрыемствах.

Рамана Кісьляка затрымалі 16 кастрычніка падчас адзіночнага вулічнага шэсьця салідарнасьці з арыштаваным кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім. Кісьляк ішоў па вуліцы ў цэнтры Берасьця і праз мэгафон інфармаваў берасьцейцаў пра тое, што Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца пад вартай незаконна.


Міліцыянты затрымалі Кісьляка, даставілі ў міліцыю Ленінскага раёну Берасьця і склалі пратакол за несанкцыянаваную акцыю. Ноч ён правёў у пастарунку, а 17 кастрычніка яго даставілі ў Ленінскі суд. Аднак судьдзя ўгледзеў супярэчнасьці ў пратаколе міліцыянтаў і накіраваў справу на дапрацоўку.

Судовае паседжаньне паводле перапрацаваных пратаколаў адбудзецца 28 кастрычніка аб 11:30 у Ленінскім судзе Берасьця.

Кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія шлі на праваабарончую дзейнасьць. Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча. Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Ён знаходзіцца ў турме на вуліцы Валадарскага ў Менску. Суд над Бяляцкім пачнаецца 2 лістапада.
XS
SM
MD
LG