Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насельніцтва Зямлі расьце, але ў постсавецкіх краінах людзей усё менш і менш


Насельніцтва сьвету набліжаецца да адзнакі 7 мільярдаў, аднак у шэрагу посткамуністычных краінаў Эўропы насельніцтва працягвае зьмяншацца.

Чакаецца, што ў панядзелак 31 кастрычніка народзіцца 7-мільярдны жыхар нашай плянэты. Гэта значыць, што колькасьць зямлянаў павялічылася на мільярд за 12 гадоў.

Аднак тым часам як колькасьць насельніцтва ў бальшыні краінаў сьвету расьце, у дэмаграфічнай геаграфіі ёсьць выключэньне. У дванаццаці краінах сьвету назіраецца нэгатыўная дынаміка росту насельніцтва, бальшыня зь іх належаць да былога камуністычнага лягеру.

Гэта пяць былых рэспублік Савецкага Саюзу – Расея, Украіна, Беларусь, Латвія і Літва, тры былыя савецкія сатэліты – Баўгарыя, Вугоршчына і Румынія, а таксама дзьве былыя рэспублікі колішняй Югаславіі – Сэрбія і Харватыя.

Той факт, што гэтыя краіны аб'ядноўвае камуністычная мінуўшчына, зьдзіўляе дэмографаў, бо дае падставы меркаваць, што яна мела ўплыў на зьмяншэньне насельніцтва. Усе яны пачалі страчваць колькасьць жыхароў пасьля падзеньня камунізму два дзесяцігодзьдзя таму.

Напрыклад, у Расеі, Украіне і Беларусі разам сёньня жыве ўсяго 94% насельніцтва ад узроўню 1990 году. Гэтыя тры краіны разам страцілі каля 12 мільёнаў жыхароў. Сёньня толькі ў Расеі пачалі назірацца праявы запаволеньня нэгатыўнай тэндэнцыі і выхаду на нулявы прырост.

Адна з прычынаў спаду – высокая сьмяротнасьць, якая ў Расеі, Украіне і Беларусі адна з самых высокіх у сьвеце без уліку Афрыкі – 14,3 сьмерцяў на тысячу чалавек штогод. Ва ўсіх трох краінах назіраецца высокі ўзровень алькагалізму, асабліва сярод мужчынаў, і дрэннае харчаваньне. З-за гэтага сьмяротнасьць там перавышае ўзровень ня толькі краінаў Заходняй Эўропы, але і былых сярэднеазіяцкіх рэспублік СССР.

Сярэдні ўзровень сьмяротнасьці ў пяці краінах Цэнтральнай Азіі складае 6,6 на тысячу – напалову меней, чым у Расеі. Меншая сьмяротнасьць тлумачыцца здаравейшым харчаваньнем, мацнейшымі сямейнымі сувязямі і меншым узроўнем алькагалізму.

Разам з высокай сьмяротнасьцю ў Расеі, Украіне і Беларусі назіраецца нізкая нараджальнасьць – занадта нізкая для падтрыманьня стабільнага росту насельніцтва. Украінскія жанчыны ў сярэднем нараджаюць 1,2 дзіцяці, расейскія – 1,5. Для захаваньня дэмаграфічнай стабільнасьці гэты паказьнік мусіць складаць 2,1 дзіцяці на жанчыну.

Там, дзе захоўваецца традыцыя раньніх шлюбаў, нараджальнасьць вышэйшая. У цэнтральнаазіяцкіх краінах нараджальнасьць складае 2,5 дзіцяці на жанчыну – удвая больш, чым у Расеі і Ўкраіне.

Ёсьць і іншыя фактары, якія затрымліваюць рост насельніцтва ў постсавецкіх краінах, адзін з галоўных – эканамічная эміграцыя. Эканамічны застой у посткамуністычных краінах прымушае як кваліфікаваную, гэтак і некваліфікаваную працоўную сілу выяжджаць з краіны ў пошуках працы. Асабліва заўважны ўплыў эміграцыі на дэмаграфічную сытуацыю назіраецца ў Грузіі, Армэніі і Малдове.

Высокая сьмяротнасьць, нізкая нараджальнасьць, зьнешняя міграцыя, нулявы або нэгатыўны рост насельніцтва былі характэрныя і для былых камуністычных краінаў Эўропы – да такой ступені, што, здавалася, гэтыя тэндэнцыі ўжо ніколі ня зьменяцца.

Аднак час паказаў, што ў тых краінах, дзе адбыўся пасьпяховы пераход ад камунізму да дэмакратыі і свабоднага рынку, рост насельніцтва аднавіўся. Эканамічны рост, рэформы сыстэмы аховы здароўя паспрыялі павышэньню нараджальнасьці, зьніжэньню сьмяротнасьці і зьмяншэньню эміграцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG