Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў рыхтуе скаргу на свой прысуд


Былы кандыдат у прэзыдэнты, лідэр грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Андрэй Саньнікаў у бабруйскай калёніі № 2 рыхтуе скаргу на свой прысуд у Вярхоўны суд Беларусі. Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка Саньнікава Ірына Халіп.

Паводле яе слоў, 27 кастрычніка Саньнікава наведаў адвакат, зь якім экс-кандыдат у прэзыдэнты займаўся падрыхтоўкай скаргі.

​Халіп таксама сказала, што Саньнікаў знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ). «Пакуль ён сядзіць у камэры адзін. Але ПКТ – гэта «жывы арганізм». І калі сёньня Саньнікаў пакуль адзін, дык заўтра да яго могуць пасадзіць каго-небудзь яшчэ», – адзначыла Халіп.

Ірына Халіп
Ірына Халіп
Яна падкрэсьліла, што Саньнікаў асьцерагаецца правакацыяў з боку адміністрацыі калёніі. «Зь ім кіраўніцтва калёніі ўжо пачынала размову аб тым, каб ён напісаў прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, аднак Андрэй гэтыя гутаркі не падтрымлівае. Ён асьцерагаецца правакацыяў, як гэтага баіцца, напэўна, большая частка палітвязьняў. Кіраўніцтва калёніі, я думаю, можа пайсьці на нейкія такія дзеяньні, каб вымусіць Андрэя напісаць прашэньне аб памілаваньні», – лічыць Халіп.

Што датычыцца стану здароўя Саньнікава, дык жонка паведаміла, што ў яго абвастрыліся праблемы з суставамі і сьпінай. «Гэта, хутчэй за ўсё, вынік нядаўніх халадоў. Але яму робяць уколы, на мэдычную дапамогу Саньнікаў ня скардзіцца. Ён сказаў адвакату, што яна даецца па першым патрабаваньні», – адзначыла Халіп.

Паводле яе слоў, праверка па заяве Саньнікава пра пагрозу яго жыцьцю і здароўю, пакуль не праведзеная. Таксама Халіп яшчэ не атрымала дазволу на рэчавую перадачу для былога кандыдата ў прэзыдэнты.

14 мая суд Партызанскага раёну Менску прысудзіў Саньнікава да пяці гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Экс-кандыдат у прэзыдэнты прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў. Раней ён адбываў пакараньне ў Наваполацкай калёніі № 10, аднак пасьля быў пераведзены праз сьледчы ізалятар № 4 Магілёва ў Бабруйскую калёнію № 2.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG