Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мы вам галовы паадбіваем, калі што-небудзь будзе ня так»


Актывісты «Эўрапейскай Беларусі» ў чаканьні суду.
Адвакат Сяргея Лыскова.
Сябры і паплечнікі ў залі пасяджэньняў.
Суд Ленінскага раёну Менску пакараў трох удзельнікаў акцыі ў падтрымку палітзьняволеных адміністрацыйным арыштам на тэрмін 10–15 сутак. Яны былі затрыманыя напярэдадні каля Кастрычніцкай плошчы Менску і зьвінавачаныя ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Асуджаныя не прызналі сваёй віны, а іх адвакаты будуць абскарджваць вынесеныя прысуды.

Актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» судзілі кожнага паасобку: Мікіту Каваленку і Сяргея Лыскова — судзьдзя Міхаіл Хома. Абодва яны атрымалі па 10 сутак арышту. Аляксандра Вялітчанку — судзьдзя Надзея Навіцкая, якой разам з шэрагам беларускім чыноўнікаў і сілавікоў забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Ён атрымаў найбольшы тэрмін — 15 сутак зьняволеньня.

Ганна, нявеста Аляксандра Вялітчанкі, і яго сяброўка Вера пасьля суду заявілі, што вельмі ўражаныя вынікам:

Вера: «Сьведка-міліцыянт блытаўся ў паказаньнях, судзьдзя задавала яму патрэбныя пытаньні, а ён толькі яшчэ больш заблытваўся. Але ў выніку гэтыя сьведчаньні былі прызнаныя за праўдзівыя».

Ганна: «Мы ня згодныя з судовым прыгаворам. Пакараньне надзвычайнае, і мы лічым яго несправядлівым».

Як і на папярэдніх судах над удзельнікамі акцыяў салідарнасьці з палітвязьнямі, затрыманых канваявалі міліцыянты і невядомыя ў цывільным. Яны сачылі за журналістамі і праваабаронцамі, а сябрам «Эўрапейскай Беларусі» наўпрост пагражалі фізычнай расправай. Як гэта адбывалася, паведамілі Аляксей Цёплы і Андрэй Молчан:

Цёплы «У мяне быў сшытак з надпісам „Эўрапейская Беларусь“, яго ўбачылі людзі ў цывільным, падышлі, адвялі ўбок і сказалі: нас тут шмат, і мы вам галовы паадбіваем, калі што-небудзь будзе ня так».


Молчан: «Мяне таксама атачылі і сказалі: крок улева, крок управа, і вынік будзе сумны. Гэта зразумела — штодня „Эўрапейская Беларусь“ выходзіць на вуліцу, ім гэта вельмі не падабаецца, а таму вырашылі запалохаць тых, хто яшчэ не ў турме».

Асуджаныя Мікіта Каваленка, Сяргей Лыскоў і Аляксандар Вялітчанка сваёй віны не прызналі і праз адвакатаў заявілі, што будуць абскарджваць судовае рашэньне. Несправядлівым прысуд актывістам «Эўрапейскай «Беларусі» назвала таксама праваабаронца з цэнтру «Вясна» Алеся Якубоўская:

«Хутчэй за ўсё, быў загад не даваць менш за 10 сутак. Як заўсёды, улада спрабуе гэткім чынам запалохаць людзей. Я лічу, што гэта паказчык выніковасьці гэтых акцый — яны раздражняюць уладу. Іх раздражняе, што ёсьць людзі, якія працягваюць змагацца, а таму і такія жорсткія прысуды».

А 19-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску мае адбыцца чарговая акцыя ў падтрымку палітвязьняў. Актывісты «Эўрапейскай Беларусі» заклікалі неабыякавых людзей на знак салідарнасьці з палітвязьнямі выходзіць на Кастрычніцкую плошчу штодня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG