Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы, якія пахнуць


Як адаб'ецца на эканоміцы Беларусі рашэньне вядучых эўрапейскіх банкаў спыніць кантакты з афіцыйным Менскам? Нямецкі "Deutsche Bank", францускі "BNP Paribas" і брытанскі "Royal Bank of Scotland" на неакрэсьлены тэрмін наклалі мараторый на супрацоўніцтва з урадам Беларусі ў справе разьмяшчэньня беларускіх дзяржаўных аблігацый. Між тым экспэрты лічаць, што сувязь з аўтарытарным рэжымам надзвычай кепска ўплывае на імідж банкаў у дзелавым асяродку.

Пад ціскам міжнароднай супольнасьці тры з чатырох чальцоў міжнароднага сындыкату ў справе продажу беларускіх дзяржаўных аблігацыяў на суму каля 2 мільярдаў даляраў адмовіліся працягваць супрацу з уладамі Беларусі. Адной з прычынаў называецца пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. З ранейшага квартэту фінансавых агентаў толькі расейскі "Сбербанк" гатовы і надалей працягваць апэрацыі ад імя афіцыйнага Менску.

Намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур перакананы: у аснове падобных рашэньняў ляжыць не эканоміка, а палітыка:

Андрэй Тур
Андрэй Тур
"Я, канечне, акалічнасьцяў ня ведаю, бо ня бачыў ні тэксту, нічога іншага, таму задавайце лепш такія пытаньні банкірам… Але звычайна, як паказвае практыка, калі такія рэчы пачынаюцца, то там на 90% — палітыка. Але яшчэ раз паўтараю, што адносна нейкіх падрабязнасьцяў асабіста я проста ня ў курсе".

Былы прэм'ер-міністар Беларусі, колішні кіраўнік "Белаграпрамбанку" Міхаіл Чыгір лічыць, што такое рашэньне буйных гульцоў на эўрапейскім фінансавым рынку склалася з улікам і палітыкі, і эканомікі. Тым больш, як кажа спадар Чыгір, у Беларусі адно непасрэдна вынікае з другога:

"Чуў я пра гэта. І ні ў кога няма ніякага сумневу, што імідж Беларусі пасьля гэтага стаў "ніжэй калена", як казаў сам Аляксандар Рыгоравіч. Але спрычынілася да гэтага ня столькі палітыка, колькі сытуацыя на валютным рынку. Ёсьць нават такое выказваньне аднаго францускага эканаміста: імідж дзяржавы падае разам з курсам нацыянальнай валюты. Цяпер і неспэцыялісты бачаць: зь беларускім рублём адбываецца нешта вельмі дрэннае. Таму палітыка палітыкай, але тут шмат эканамічных прычынаў, якія сьведчаць, што лепш зь Беларусьсю ня зьвязвацца. А значыць, ня трэба казаць, што гэта толькі палітычнае рашэньне. Вы ж бачыце, што выходзіць: ніхто ня ведае, што будзе ня толькі заўтра, а нават сёньня. Але відавочна, што калі зьнешняй падтрымкі ня будзе, то беларускі рубель і надалей будзе паніжацца ў цане. Таму праблемаў шмат якраз эканамічных".

Дзяржаўныя чыноўнікі сьцьвярджаюць, што адмова шэрагу эўрапейскіх банкаў працаваць далей ад імя беларускага ўраду не крытычная. Пры гэтым націскаюць на тое, што ў агляднай будучыні ўрад наўрад ці адважыцца выходзіць на фінансавыя рынкі са сваімі аблігацыямі. Думку разьвівае эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц:

"Насамрэч адмова эўрапейскіх банкаў ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю ня
На сёньняшні дзень даходнасьць па беларускіх аблігацыях вельмі вялікая — дзесьці каля 15% ...

вельмі паўплывае на будучыя магчымасьці нашай краіны. Прадстаўнікі дзяржаўных органаў адзначаюць: патэнцыйных партнэраў, якія змогуць у будучыні нам дапамагчы ў разьмяшчэньні аблігацый, дастаткова. Справа ў іншым. На сёньняшні дзень даходнасьць па беларускіх аблігацыях вельмі вялікая — дзесьці каля 15%. Гэтая даходнасьць — бэнчмарк, што азначае наступнае: калі мы зараз пойдзем разьмяшчаць эўрааблігацыі, то нам давядзецца іх разьмяшчаць пад тыя самыя 15%, што немэтазгодна. І калі ў нас будзе такая магчымасьць, то мы, магчыма, і пойдзем на рынак, але цяпер дзяржаўныя чыноўнікі адзначаюць, што Беларусь ня будзе разьмяшчаць аблігацыі пад такую стаўку".

Спадар Заяц таксама мяркуе, што ў дадзеным выпадку эўрапейскія банкі скарысталі магчымасьць "прыгожа рэціравацца". Нават апасродкаваная сувязь з апошнім дыктатарам Эўропы ня лепшым чынам уплывае на імідж банкаўскіх установаў, таму эканамічная немэтазгоднасьць супрацоўніцтва зь Беларусьсю пададзеная як "палітычны дэмарш":

"Мяркую, што такая рэакцыя эўрапейскіх банкаў ня мела, як яны самі пра гэта кажуць, палітычных матываў. Усё ж трэба нагадаць, што падзеі 19 сьнежня ўжо даўно мінулі, і чаму толькі цяпер эўрапейскія банкі пачынаюць на гэта рэагаваць? Тым больш што яны яшчэ ў студзені гэтага году дапамагалі Беларусі разьмяшчаць дзяржаўныя аблігацыі. Напэўна, як лічаць многія экспэрты, менавіта палітычны імідж Беларусі перашкаджае эўрапейскім банкам супрацоўнічаць з эўрапейскімі кліентамі. І, мабыць, якраз у сувязі з гэтым яны вырашылі заявіць, што больш ня будуць супрацоўнічаць зь Беларусьсю. Таму што нейкае іншае тлумачэньне вельмі цяжка сабе нават уявіць".

Разгорнутых камэнтароў адносна пэрспэктываў аднаўленьня супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў ніводным са згаданых эўрапейскіх банкаў пакуль што не даюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG