Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Handelsblatt": "У Эўразьвязе ўжо і ня ведаюць, што рабіць зь Беларусьсю"


Нямецкія СМІ не камэнтуюць інфармацыю пра адмову Deutsche Bank супрацоўнічаць зь Беларусьсю. "Handelsblatt" зьмясьціла толькі навіну ў некалькі сказаў: кантакты спыненыя, прычыны не тлумачацца, ціск нямецкіх палітыкаў на гэты банк, каб ён ня меў аніякіх гешэфтаў з рэжымам Лукашэнкі, існаваў здаўна.

Пра ціск фэдэральнага ўраду на найбуйнейшую крэдытную ўстанову краіны нямецкае выданьне пісала і раней, адзначаючы, што самі нямецкія інвэстары не ў захапленьні ад падобнай палітыкі.

Як мяркуюць нямецкія аглядальнікі, дзякуючы падтрымцы з боку іншых аўтарытарных рэжымаў Лукашэнку цягам некалькіх месяцаў, верагодна, удасца захаваць квазі-савецкую плянавую эканоміку. І ўсё ж усе прыкметы паказваюць на банкруцтва гэтай усходнеэўрапейскай краіны.

Тым часам, адзначае "Handelsblatt", у самім Эўразьвязе ўжо і ня ведаюць, што рабіць зь Беларусьсю далей, акрамя візавых абмежаваньняў супраць беларускіх чыноўнікаў ды працягу эканамічных санкцыяў у дачыненьні да краіны.

"Многія краіны-сябры ЭЗ — найперш Нямеччына і Польшча — патрабуюць дэмакратычнага прагрэсу, перш чым дамаўляцца пра крэдыты. Для саміх жа беларусаў вызначальнае — не нястача палітычных правоў і свабоды вулічных акцый, а той факт, што звычайным людзям няма за што пад'есьці", — піша выданьне і працягвае: "Нямецкія інвэстары незадаволеныя палітыкай ЭЗ, моцна арыентаванай на каштоўнасьці, хоць адкрыта і не выказваюць наконт гэтага нейкіх меркаваньняў".

"Фэдэральны ўрад запрашае інвэстараў наведваць таталітарныя дзяржавы кшталту Туркмэністану і пры гэтым дэманізуе суседнюю Беларусь", — скардзіцца адзін бізнэсовец у Менску. Менавіта цяпер Нямеччына павінна дапамагчы беларусам знайсьці выйсьце з крызісу, каб краіна зь яе амаль 10 мільёнамі насельніцтва стала месцам аўтсорсінгу для прадпрымальнікаў сярэдняга ўзроўню. Толькі тады, калі Беларусь стабілізуецца эканамічна, магчымыя і палітычныя рэформы", — піша нямецкая "Handelsblatt".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG