Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларускія ўлады пагадзіліся з тым, што ціск Захаду будзе нарастаць"


Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Нямецкі "Deutsche Bank" і францускі "BNP Paribas" спыняюць супрацоўніцтва з урадам Беларусі ў справе разьмяшчэньня беларускіх дзяржаўных аблігацый. Як гэтае рашэньне, выкліканае палітычнымі прычынамі, можа паўплываць на эканамічныя стасункі Беларусі з заходнімі фінансавымі структурамі? Наколькі адчувальнымі для афіцыйнага Менску будуць гэтыя крокі? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: Як можна расцаніць рашэньне аўтарытэтных банкаў? Ці можна назваць гэта нейкай "першай ластаўкай" таго, што цяпер эўрапейскія фінансавыя структуры будуць больш браць пад увагу і палітычныя аспэкты? Ці гэта толькі асобны выпадак, або можна казаць пра пэўную тэндэнцыю?

Лагвінец: Гэта ня першы выпадак. Нагадаю, у жніўні згарнуў кантакты зь беларускім рэжымам з палітычных прычынаў брытанскі Royal Bank of Scotland. Тут ідзе размова пра вынік ціску з боку грамадзянскіх супольнасьцяў адпаведных эўрапейскіх краінаў і прадстаўнікоў беларускіх палітзьняволеных, але таксама і заклапочанасьці, выказанай на палітычным узроўні. Вядома, што канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель паабяцала, што яна зьверне ўвагу эканамічных партнэраў Нямеччыны на недапушчальнасьць надта шчыльнага супрацоўніцтва зь беларускім рэжымам.

Вядомая таксама вельмі гучная і крытычная заява віцэ-прэм'ера Вялікабрытаніі Ніка Крэйга, які гаварыў пра неабходнасьць спыніць эканамічныя кантакты зь Менскам да таго моманту, пакуль ня будуць вызваленыя палітзьняволеныя. Такім чынам, мы маем рашэньні банкаў, якія становяць частку ланцуга далейшых дзеяньняў па павелічэньні ціску на беларускія ўлады. Сваімі дзеяньнямі пасьля 19 сьнежня беларускае кіраўніцтва не пакінула эўрапейцам ніякай альтэрнатывы.

Цыганкоў: Наколькі адчувальныя для афіцыйнага Менску будуць такія крокі эўрапейскіх банкіраў? Ці прымусіць гэта беларускае кіраўніцтва ўлічваць магчымасьць такіх захадаў і ў далейшым?

Лагвінец: Гэта, відавочна, вельмі непрыемны факт для беларускіх уладаў. І іншыя эканамічныя партнэры Менску ў Эўропе могуць задумацца. Да таго ж гэта надасьць новы імпэт праваабарончым арганізацыям, якія выступаюць за больш жорсткую лінію ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.

Нагадаю, гэтыя два банкі ў свой час дапамаглі беларускім уладам разьмясьціць эўрабонды. Цяпер Менск ужо наўрад ці гатовы выпускаць чарговую порцыю эўрааблігацыяў.

Мне падаецца, што беларускія ўлады пагадзіліся з тым, што ціск Захаду будзе нарастаць. І цяпер яны шукаюць магчымасьці даць рады катастрафічнай сытуацыі ў эканоміцы дзякуючы сябрам на Ўсходзе альбо Поўдні.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG