Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Ляўрэатам прэміі "За свабоду думкі" імя Андрэя Сахарава сталі пяцёра грамадзкіх актывістаў з арабскіх краін, дзе сёлета адбыліся паўстаньні супраць аўтарытарных рэжымаў.

Аб гэтым паведаміў сёньня ў Страсбуры Ежы Бузэк - кіраўнік Эўрапарлямэнту, які ўручае прэмію.

Ляўрэатамі сталі: тунісец Махамед Буазізі (пасьмяротна), чыя гібель спарадзіла масавыя выступы, якія прывялі да падзеньня рэжыму прэзыдэнта Бэн Алі; эгіпэцкі актывіст Асма Макфуз - адзін з арганізатараў акцый пратэсту на плошчы Тахрыр у Каіры; лівійскі дысыдэнт Ахмэд ас-Санусі, які пры рэжыме Муамара Кадафі правёў больш за 30 гадоў у турме; двое сірыйцаў - юрыст і праваабаронца Разі Зэйтунэ і карыкатурыст Алі Фарзат, жорстка зьбіты за апазыцыйную дзейнасьць.

Прэмія імя Сахарава ўручаецца Эўрапарлямэнтам ад 1988 году - за ўклад у барацьбу за правы чалавека. Яе грашовае выражэньне - 50 тысяч эўра.

У мінулым ляўрэатамі прэміі станавіліся экс-прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Нэльсан Мандэла, лідэр бірманскай апазыцыі Аун Сан Су Чжы, старшыня Руха «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, Беларуская Асасцыяцыя Журналістаў, кубінскія дысыдэнты, расійскае праваабарончае таварыства "Мэмарыял" ды іншыя асобы і арганізацыі.

Сёлета сярод намінантаў быў беларускі палітвязень Дзьмітры Бандарэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG